Гамілію прамовіў ксёндз Уладзіслаў Шарковіч, пробашч парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Дрысвятах. Узгадваючы біяграфію святога, прамоўца адзначыў, што Язафат, пачуўшы голас Бога, пакінуў усё сваё зямное багацце і стаў спачатку манахам, затым святаром і біскупам. Лічачы адзіным сапраўдным багаццем — багацце веры, святы Язафат сеяў Божае слова, якое кранала і асвятляла людзей. Вяршыняй яго служэння стала мучаніцкая смерць за веру.
Завяршаючы прамову, святар заахвоціў задумацца над тым, што мы можам наследваць ад святога Язафата ў сваім жыцці.
Святы вучыць нас слухаць голас Бога сярод шуму гэтага свету, каб мы маглі пачуць, што Пан ад нас чакае.
Вучыць мужнасці, каб мы не баяліся быць веруючымі людзьмі не толькі на словах, але і ў канкрэтных справах.
Вучыць сапраўднай любові да Бога, якая ўмацоўваецца праз святыя сакраманты.
Прайшоўшы шлях зямнога жыцця, Язафат паказаў рэальны шлях да святасці і пацвердзіў, што можна быць моцным, рашучым, адважным і пры гэтым святым.
Жанна Закрэўская
12.11.2025