Велічае душа мая Пана...
15 жніўня а 15-ай гадзіне адбылася галоўная святая Імша ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. На фэст сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але таксама вернікі, сёстры законныя і святары з іншых парафій. Ганаровым госцем і цэлебрантам святой Імшы стаў Яго Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У сваёй гаміліі біскуп Алег засяродзіў увагу прысутных на словах Марыі: “Велічае душа мая Пана, і ўзрадваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу…”. Ардынарый зазначыў: "Марыя – гэта ўзор паводле якога мы можам глядзець на нашае жыццё... ...Яе Магніфікат, як дапаможнік нам у розных момантах...
...Кожны з нас павінен задумацца: “Ці жыву я праслаўляючы Бога? Ці я радуюся ў Духу? Ці радуюся таму, што я веруючы чалавек?..."
На заканчэнне гаміліі ксёндз-біскуп выказаў надзею, што прыняцце кандыдатамі сакраманту бежмавання (знаку Дару Духа Святога) дапаможа ім будаваць сваё ўласнае жыццё на ўзор Марыі.
Затым кандыдаты прынялі сакрамант канфірмацыі. Сакрамант бежмавання (канфірмацыі) яшчэ называюць сакрамантам хрысціянскай сталасці. Дакументы Касцёла гавораць, што сакрамант канфірмацыі накладае свой адбітак і дзякуючы яму ахрышчаныя, ідучы шляхам хрысціянскай ініцыяцыі, надзяляюцца дарам Духа Святога, цясней звязваючыся з Касцёлам. Сакрамант канфірмацыі ўмацоўвае іх і больш строга абавязвае да таго, каб яны словам і чынам былі сведкамі Хрыста, распаўсюджваючы і абараняючы веру. Менавіта таму прыняцце гэтага сакраманту неабходна для паглыблення ласкі святога хросту.
Напрыканцы святой Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой усе разам памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі і праспявалі гімн "Цябе, Божа, праслаўляем". Потым адбылося традыцыйнае асвячэнне кветак і пладоў новага ўраджаю.
На заканчэнне ўрачыстасці моладзь і вернікі старэйшага пакалення выказалі словы ўдзячнасці Яго Эксцэленцыі біскупу Алегу Буткевічу за цэлебрацыю святой Імшы і ўдзяленне сакраманту бежмавання. Словы падзякі за падрыхтоўку да сакраманту бежмавання прагучалі ў адрас святароў і катэхеткі Ганны Вайсковіч.
Завяршылася набажэнства супольным спевам рэлігійнага гімна "Магутны Божа".
Жанна Закрэўская
15.08.2020