Успамін Маці Божай Ружанцовай
7 кастрычніка Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін Маці Божай Ружанцовай. Дата святкавання звязана з перамогай аб’яднананага флоту Іспаніі, Венецыі і Касцёльнай дзяржавы ў бітве з туркамі пры Лепанта ў 1571 годзе, якая дапамагла спыніць турэцкую экспансію на Міжземным моры.
У гэты дзень па вуліцах Рыма на чале з Папам Піем V прайшла працэсія, удзельнікі якой разам маліліся на ружанцы. У працэсіі з пашанаю неслі абраз Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі святой Марыі Вялікай, які мае тытул Salus Populi Romani — «Збаўленне рымскага народа».

Як паведамляюць старадаўнія хронікі, перамогу ў бітве пры Лепанта дапамагла здабыць нечаканая змена ветру, што палічылі цудоўным умяшальніцтвам Марыі ў выніку малітвы на ружанцы.
З таго часу цудадзейная ікона Маці Божай Снежнай непарыўна звязана з ружанцовай малітвай і часам называецца абразом Маці Божай Пераможнай. Свята пад такой назвай устанавіў Папа Пій V, але праз год ягоны наступнік Грыгорый ХІІІ замяніў яго на свята ў гонар Маці Божай Ружанцовай. У 1716 годзе Папа Клімэнт ХІ распаўсюдзіў святкаванне на ўвесь Касцёл. Папа Леў ХІІІ у 1883 годзе дадаў у Ларэтанскую літанію заклік «Каралева Ружанца святога, маліся за нас», а праз два гады заклікаў маліцца Ружанец на працягу ўсяго кастрычніка.

Надзвычайную моц і неабходнасць ружанцовай малітвы ў наш час падкрэсліваў  Папа Ян Павел ІІ. Святы Айцец нават дапоўніў Ружанец новай чацвёртай часткай – таямніцамі святла, апроч існуючых радасных, балесных і хвалебных.
Ружанец часта называюць зброяй, што дазваляе перамагаць дэманаў і супрацьстаяць грахам. Яго ўспрымаюць таксама як шанец на збаўленне, паколькі паспяхова дапамагае вымаліць для душы вечнае жыццё. “Дайце мне армію людзей, якія адгаворваюць Ружанец, і я заваюю свет”, – сказаў некалі бл. Пій VII, падкрэсліваючы магутнасць гэтай малітвы.

Людзі, якія часта звяртаюцца да ружанцовай малітвы, адзначаюць змены ў сваім жыцці да лепшага і бачаць ў ёй шчыт ад зла і граху. Яна ачышчае, дазваляе лягчэй пераносіць выпрабаванні, абуджае ў сэрцы любоў і веру і яднае католікаў у Божую сям’ю.

Ружанец — гэта таксама сямейная малітва, дзякуючы якой дзеці з наймалодшага ўзросту пачынаюць пазнаваць праўды хрысціянскай веры і вучацца маліцца разам з бацькамі.

Добрай парадай наконт таго, як лепш за ўсё маліцца на Ружанцы, з’яўляюцца словы святога Францішка Сальскага: “Вазьмі ружанец за крыжык і, пацалаваўшы яго, учыні ім на сабе знак крыжа і стань у Божай прысутнасці, гаворачы «Веру». На вялікай пацерцы папросіш у Бога ласку набожнага адгаворвання малітвы, на трох меншых гэтую ж просьбу ўзнясеш да Найсвяцейшай Панны Марыі, усхваляючы Яе як Дачку Айца Спрадвечнага, Маці Божага Сына, Абранніцу Святога Духа. Затым адгаворыш пяць дзесяткаў, разважаючы радасныя, балесныя ці хвалебныя таямніцы, альбо таксама можаш засяродзіцца над іншым набожным прадметам, на які цябе Бог натхніць”.
Многія людзі без энтузіязму глядзяць на ідэю штодзённай малітвы на Ружанцы, тлумачачы сваю пазіцыю тым, што сёння і вольнай хвіліны не маюць. Тым, каму цяжка адшукаць у распарадку дня паўгадзіны на Ружанец (або і менш – хоць на 1 дзясятак), прапануем не выдзяляць час на яго спецыяльна. Гэта як? Можна маліцца падчас прыгатавання сняданку або па дарозе на працу. Той самы “неспецыяльны” час з’яўляецца, напрыклад, у чарзе да касы ў краме ці на прыём да ўрача. Пры жаданні можна замяніць музыку ў навушніках ці радыёхвалю ў аўтамабілі на запіс ружанцовай малітвы. Такі падыход вучыць адчуваць час, заўважаць, калі той праходзіць марна ці менш эфектыўна, каб пасля выкарыстоўваць яго з карысцю.

Шмат таксама і тых, хто спасылаецца на сваю безуважлівасць падчас адмаўлення Ружанца: не атрымліваецца засяродзіцца, а таму лепш наогул не чытаць малітвы, чым рабіць гэта фармальна. Св. Альфонс Лігуоры ў “Трактаце аб малітве пісаў, што такая з’ява можа ўзнікаць як раз таму, што ружанцовая малітва вельмі дакучае д’яблу. Але гэта не падстава, каб адмаўляцца ад высакароднай ідэі! Уся справа ў тым, што трэба пастарацца і прыкласці намаганні, каб не падарыць Найсвяцейшай Маці млявыя, непрыгожыя “ружы”. Дарэчы, такое рашэнне робіць букет яшчэ больш каштоўным. Вельмі важна перад пачаткам малітвы прасіць неабходных дароў і ласк у Найвышэйшага: праз парыў сэрца розум можа быць узняты Святым Духам. Варта ўсведамляць, што ненаўмысная страта засяроджанасці (і калі з гэтай з’явай вядзецца барацьба), не знішчае духоўнага плёну малітвы.

Ружанец развівае ў сэрцы чалавека цярплівасць, пакору і міласэрнасць. З яго дапамогай мы змагаемся з эгаізмам і страсцямі. Гэтая малітва сталая і поўная, таму што заключаецца ў праслаўленні Бога праз Марыю і разам з тым у глыбокім разважанні жыцця Хрыста. Сутнасцю Ружанца з’яўляецца медытацыя, якая вядзе да з’яднання са Стварыцелем. Гэта сур’ёзны духоўны выклік.


Паводле інтэрнэт старонак Catholic.by
  і "Слова Жыцця
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by