У Міёрах памаліліся за ахвяраў вайны 1920 года
У 2020 годзе спаўняецца 100 гадоў Варшаўскай бітвы, якая адбылася падчас савецка-польскай вайны. З гэтай нагоды прадстаўнікі польскай дыпмісіі вырашылі наведаць могілкі, дзе пахаваны іх салдаты. У Беларусі знаходзіцца каля 20 буйных пахаванняў польскіх жаўнераў, адно з іх у Міёрах на старых парафіяльных могілках.
16 ліпеня польская дэлегацыя наведала пахаванне, каб ушанаваць памяць аб сваіх земляках. Спачатку адбылося набажэнства за загінуўшых салдат, якое ўзначаліў пробашч Міёрскай парафіі кс.Андрэй Кулік. Затым да прысутных са словамі ўдзячнасці за клопат пра магілы землякоў звярнуўся дарадца Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Аркадзіўш Клэмбэк. У сваю чаргу намеснік старшыні Міёрскага РВК Валерый Драба адзначыў важнасць узаемадзеяння паміж палякамі і беларусамі для захавання памяці аб агульных старонках гісторыі.
Напрыканцы прысутныя ўсклалі кветкі і запалілі лампадкі.
Жанна Закрэўская
23.07.2020