Гэтая традыцыя бярэ свой пачатак у Старым Запавеце. Напрыклад, святкаванне свята Шатроў: «Усе сем дзён складайце агнявую ахвяру Госпаду. Восьмага дня будзе ў вас святы сход і складзеце агнявую ахвяру Госпаду. Гэта сход: ні рабіце ніякай цяжкай работы.» (Святар. 23, 36); асвячэнне храма: «У той час святкаваў Саламон сем дзён, і з ім увесь Ізраіль, вельмі вялікая супольнасць ад уваходу ў Эмат, аж да ручая Егіпецкага. І вось на восьмы дзень учынілі яны вялікі сход, бо сем дзён яны асвячалі ахвярнік ды сем дзён святкавалі ўрачыстасць.»(2 Пар 7,8-9).
Кожны з васьмі дзён актавы лічыцца святочным. Наогул актава — як пішуць дакументы — «адзін святочны дзень». Літургічныя тэксты на працягу гэтых васьмі дзён кажуць аб факце Уваскрэсення. Нядзелю ў актаве Пасхі св. Папа Ян Павел II абвясціў 30 красавіка 2000 года святам Божай Міласэрнасці.
Згодна з традыцыяй, актава таксама называецца «Белым тыднем». Раней новаахрышчаныя, апранутыя ў белае адзенне, штодня ўдзельнічалі ў святой Эўхарыстыі. Нядзеля, якая завяршала час актавы, называлася «нядзеляй пасля зняцця белага адзення». Новаахрышчаныя ўпершыню прыходзілі ў святыню ў звычайнай вопратцы і займалі месцы сярод іншых вернікаў.
Характэрным для Велікоднай актавы з'яўляецца гімн «Хвала на вышынях Богу», а таксама Велікодная секвенцыя. Секвенцыя — гэта адмысловы гімн, які ўзнік у Сярэднявеччы. Яна выконваецца перад чытаннем Евангелля і носіць назву Victimae Paschali laudes («Хай у радаснае свята пасхальнай ахвяры»).