WYSIWYG Web Builder
7 пытанняў пра Літургію Пальмовай нядзелі
13 красавіка з успаміну ўрачыстага ўваходу Езуса Хрыста ў Ерузалем распачынаецца Вялікі тыдзень. У гэты дзень нас чакаюць працяглыя набажэнствы ў суправаджэнні адмысловых абрадаў. Каб падрыхтавацца да нядзельнага свята прапануем кароткі агляд традыцый Пальмовай (Вербнай) нядзелі.
Пальмовая нядзеля распачынае ў Каталіцкім Касцёле Вялікі тыдзень, апошні тыдзень падрыхтоўкі да Змёртвыхпаўстання Хрыста. Гэты дзень мае шэраг адмысловых традыцый, якія адрозніваюць яго ад звычайнай нядзельнай Імшы. Многія з іх маюць шматвекавую гісторыю, заснаваныя на апісаных у Евангеллях падзеях і сягаюць далёка ў ранні Касцёл. Гэтыя традыцыі накіраваныя на больш глыбокае перажыванне Мукі Хрыста. Яны надзвычайным спосабам акунаюць нас у евангельскія падзеі і дапамагаюць у разважанні пра прыгажосць і веліч велікоднай таямніцы.

Вось 7 такіх традыцый і іх значэнне.

Чаму Імша пачынаецца з працэсіі?

Акрамя таго, што працэсія начале са святаром пераймае ўваходу Езуса ў Ерузалем, варта адзначыць, што алтарная прастора па сваёй сутнасці сімвалізуе неба, бо ў Эўхарыстыі, якая здзяйсняецца на алтары, прысутнічае Сам Хрыстос.

Акрамя таго, алтар часта прыпадняты на некалькі прыступак над астатняй прасторай касцёла. Гэта таксама мае сімвалічнае значэнне: ён узводзіць нашы погляды (і сэрца) да Бога, але таксама нагадвае пра ўзыходжанне Езуса на Галгофу. Святар ўзыходзіць на "містычную" Галгофу, каб прынесці ахвяру Імшы, удзельнічаючы ў ахвяры Хрыста на крыжы.

Чаму ўдзельнікі працэсіі нясуць галінкі вярбы, пальмы ці іншых раслін?

Біблейскія даследчыкі часта перакладаюць слова, якое пазначае галіны, якія людзі выкарыстоўвалі падчас урачыстага ўваходу Езуса, абагульнена. Напрыклад, у Евангеллі ад Мацвея сказана: "Мноства людзей дарогу перад Ім высцілалі сваімі плашчамі, а іншыя зразалі з дрэў галіны і клалі Яму пад ногі" (Мц. 21:8).

Па сутнасці, калі пальмавыя галіны (а менавіта іх, верагодна, клалі пад ногі Езусу ў той дзень) недаступныя, цалкам дапушчальна выкарыстоўваць любыя іншыя прыдатныя расліны для працэсіі Вербнай нядзелі.

Гэтыя галіны
сімвал, які нагадвае пра неабходнасць адкрыць сваё сэрца перад Хрыстом, дазволіўшы Яму ўвайсці ў самыя патаемныя глыбіні нашай душы. Таму, нават калі вы прыйшлі на Імшу без якіх-небудзь раслін, вы ўсё роўна можаце далучыцца да духоўнага сэнсу Вербнай нядзелі.

Чаму святары апранутыя ў чырвонае?

Чырвоны колер — колер крыві, які сімвалізуе любоў, агонь, муку і ахвяру. Літургічныя ўборы гэтага колеру апранаюць у Вербную нядзелю, Вялікую пятніцу, а таксама ў любы дзень, звязаны з пакутамі Езуса, ва ўрачыстасць Пяцідзясятніцы і ў дні памяці тых, хто памёр за веру (пакутнікаў).
Чаму крыж закрыты фіялетавай тканінай?

Можа здацца дзіўным, што ў такі важны час года каталікі закрываюць у сваіх храмах распяцце. Хіба нам не варта сузіраць журботную карціну Галгофы, слухаючы чытанне Мукі Пана ў Вербную нядзелю?

Хоць звычай закрываць распяцці, фігуры і абразы ў апошні тыдзень Вялікага посту можа здавацца супярэчлівым, Каталіцкі Касцёл рэкамендуе гэтую практыку, каб абвастрыць нашы пачуцці і абудзіць у нас прагу велікоднага ўваскрасення. Гэта традыцыя, якую варта выконваць не толькі ў парафіяльных храмах, але якая можа стаць добрай практыкай і для «хатняга касцёла» — хрысціянскай сям'і.

Чаму чытанне Евангелля такое доўгае?

У Лацінскім абрадзе нядзельныя літургічныя чытанні звычайна кароткія ў параўнанні з чытаннем Мукі Пана ў Пальмовую нядзелю. У раннім Касцёле Літургія кожнай нядзелі магла быць даволі доўгай. Многія першыя хрысціяне былі габрэямі, і нядзіўна, што яны будавалі сваю Літургію на ўзор сходаў у сінагозе. Яна ўключала паслядоўнае чытанне Святога Пісання, якое доўжылася з тыдня ў тыдзень. Яно падзялялася на два асобныя чытанні: адно з «Закона» (Торы), а другое — з прарокаў.

Чаму свецкія вернікі прымаюць удзел у чытанні Мукі Пана?

Вялікі тыдзень — асаблівы час у літургічным календары Касцёла, цалкам прысвечаны Муцы, смерці і Уваскрасенню Хрыста. Скразной тэмай усяго тыдня становіцца заклік падзяліць з Езусам самыя пакутлівыя моманты Яго зямнога шляху.

Вербная нядзеля адкрывае Вялікі тыдзень чытаннем Мукі Хрыста, якое звычайна здзяйсняецца па ролях. Калі набажэнства адбываецца ў храме, часам вернікі выконваюць ролю натоўпу. Кульмінацыяй становіцца момант, калі яны хорам усклікаюць: "укрыжуй, укрыжуй Яго!" У гэты момант мы ўсведамляем, што і нашы грахі далучаюцца да ўкрыжавання Хрыста, разумеем, як пакутаваў і памёр за нас Езус — нават калі нас тады яшчэ не было на свеце.

Што рабіць з асвечанымі вербамі пасля Імшы?

Ні ў якім выпадку не выкідвайце іх!

Згодна з Кодэксам Кананічнага права, асвечаныя прадметы не павінны выкідвацца ў смецце — да іх варта ставіцца з глыбокай павагай (гл.канон 1171). Падчас Імшы гэтыя галіны былі асвечаныя святаром і ператвораныя ў «сакрамэнталіі» — святыя знакі, якія закліканы наблізіць нас да сакрамантаў Касцёла. Выкідваючы іх, мы не толькі грэбуем іх сакральным значэннем, але і паступаем з імі як са штодзённымі рэчамі, якія сталі нам непатрэбнымі.

Традыцыйна асвечаныя вербы захоўваюцца да Папяльцовай серады наступнага года, пасля чаго іх спальваюць.

Пераклад паводле Aleteia
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by