Аб важнасці Пальмовай нядзелі і Вялікага тыдня ў Літургіі Касцёла і для кожнага верніка асабіста казалі святары падчас гаміліі. Ксёндз Алег Зямчонак адзначыў, што мы прыходзім у святыню з вербамі, каб уславіць Езуса Хрыста. Вельмі важна памятаць, што ў той момант, калі мы радасна ўздымаем вербы ўгору і прамаўляем словы: "Гасанна, Сыну Давідаву! Бласлаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана”, — Езус бярэ крыж, крыж нашых грахоў і занядбанняў. Святар заахвоціў кожнага задумацца над станам сваёй душы і зрабіць усё магчымае, пакуль яшчэ ёсць час, каб з чыстым сэрцам сустрэць Змёртвыхпаўсталага Хрыста.
Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік звярнуў увагу на ўрачысты ўезд Езуса Хрыста ў Ерузалем. Святар падкрэсліў, што для гэтай мэты Езус, які ніколі раней не падарожнічаў конна, выбраў для сябе жывёліну, якая здаўна лічылася сімвалам супакою. Праяўляючы пакору, а не трыўмф караля, Ён такім чынам споўніў прароцтвы Старога Запавету. Сёння Езус выконвае дзве функцыі: Ён з'яўляецца каралём — гэты надпіс знаходзіцца на крыжы: Езус Назаранін Кароль Юдэйскі, а таксама з'яўляецца святаром, які складае сябе ў ахвяру. "Ідучы з вербамі па вуліцы ў касцёл ці з касцёла, мы сёння даём сведчанне веры, што з'яўляемся католікамі. Няхай гэтае сведчанне будзе штодзённым і плённым" — пажадаў на заканчэнне святар.