Падчас гаміліі Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі засяродзіў увагу на асобе Марыі і Яе прыкладзе пакоры і поўнага даверу Пану Богу. Біскуп Буткевіч адзначыў, што Марыя сваім жыццём паказала, што чалавеку Бог патрэбны не для вырашэння нейкіх праблем і цяжкасцяў у жыцці, а з'яўляецца блізкай Асобай. Таму мы павінны вучыцца пакоры ў Маці Божай, якая не адмовілася, а выйшла насустрач выпрабаванням, прамовіўшы сваё "Так" анёлу Габрыэлю. "Мы павінны зразумець праўду аб тым, што Божая прысутнасць у нашым жыцці — гэта найвышэйшы скарб" — падкрэсліў іерарх.
Пасля малітвы вернікаў адбылося ўрачыстае прынашэнне дароў, сярод якіх, між іншым, быў сноп з зерневых культур новага ўраджаю.