У Літургіі Слова, значна больш працяглай, чым звычайна (яна складаецца з дзевяцi чытанняў Святога Пiсання) разважалі пра цуды ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва.
Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік у сваёй гаміліі адзначыў: "Нягледзячы на тое, што фундаментам нашай веры з'яўляецца перакананне, што Езус не толькі памёр але Уваскрос, сімвалам хрысціянства з'яўляецца крыж. <...>Гледзячы на крыж, мы павінны ўсвядоміць, якую вялікую цану заплаціў не толькі Езус, які аддаў жыццё, але Пан Бог, які дзеля збаўлення чалавека аддаў свайго Сына паміраць на крыжы. Праз гэты вялікі дар, мы маем надзею, што Бог спашле нам і іншыя ласкі. І так сапраўды ёсць. Бог дае нам больш, чым мы заслугоўваем і жадаем: вечнае жыццё, дараванне грахоў, святыя сакраманты і ўсе іншыя ласкі, на якія мы можам разлічваць, з'яўляючыся праз хрост сынам і дачкой Пана Бога.
<...>Вялікія магчымасці мае супольнасць Касцёла, да якой мы належым, як дзеці Божыя: супольная малітва, удзел у святых сакрамантах і, перш за ўсё, Эўхарыстыя. Бог заўсёды адкрыты, Ён запрашае і церпяліва чакае кожнага з нас, таму няхай Уваскрослы Хрыстус, які з'яўляецца сёння фундаментам Літургіі, умацуе ў нас веру і прагненне быць у супольнасці Касцёла і Пана Бога".