У Літургіі Слова, значна больш працяглай, чым звычайна (яна складаецца з дзевяцi чытанняў Святога Пiсання) разважалі пра цуды ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва.
Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік у сваёй гаміліі заахвоціў прыгледзіцца да літургіі, якую перажываем і некаторых яе сімвалаў. У вігілію Змёртвыхпаўстання выкарыстоўваецца пасхал. Святар адзначае на ім знак крыжа і лічбы бягучага года, а таксама грэцкія літары: альфа і амега. На пасхале мы таксама бачым пяць сімвалічных цвікоў — сімвал мукі Хрыста і Яго ран. Смерць Езуса прынесла нам надзею на збаўленне. Такім чынам, пасхал — гэта сімвал Хрыста, святло якое раз'ясняе цемру жыцця без Бога і Хрыста, які застаецца з намі аж да сканчэння свету.
Наступным важным сімвалам літургіі з'яўляецца вада, якая ў залежнасці ад кантэксту набывае розную сімволіку на старонках Бібліі. Воды патопу знішчаюць усё жывое з паверхні зямлі. Біблійны аўтар прадстаўляе іх, як першую спробу ачышчэння зямлі ад граху і маральнай сапсаванасці. Вада — гэта таксама пачатак новага жыцця. Такім чынам сёння, калі адновім абяцанні святога хросту, мы будзем акропленыя вадой, што сімвалізуе нашу чысціню і гатоўнасць падысці да эўхарыстычнага стала, каб спажываць Цела Хрыста.
З запаленай пасхальнай свечкай мы ўвайшлі сёння ў касцёл і пачулі словы: "Святло Хрыста!". Хрыстус — Ён сам з'яўляецца святлом, што асвятляе кожнага чалавека, які на свет прыходзіць — кажа нам св. Ян апостал. Мы павінны ісці за Хрыстом робячы штодзённа правільны выбар у святле сваёй веры і даючы сведчанне аб сваёй прыналежнасці да Збаўцы. Вось заданне кожнага з нас.