Хрысціянская Пасха мае непасрэдную духоўную сувязь са старазапаветным святам Пэсаху, што яскрава відаць з біблейскіх чытанняў, якія гучаць у другой частцы Вігіліі — Літургіі слова. Само слова Пасха — па-габрэйску Пэсах — азначае пераход. Гэтае свята, устаноўленае ў памяць зыходу сыноў Ізраэля з егіпецкай няволі, пасля ўваскрасення Хрыста набыло іншае значэнне. У гэты дзень хрысціяне святкуюць свой канчатковы і незваротны зыход з няволі граху і смерці і пераход да новага жыцця ў Хрысце, да жыцця ў свабодзе Божых дзяцей, якімі мы становімся праз хрост.
Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік у сваёй гаміліі падкрэсліў, што літургія Вігіліі пасхальнай напоўнена шматлікімі сімваламі, такімі як агонь, пасхальная свечка, вада. Усе яны кіруюць нашу ўвагу на Хрыста, якога праз гэтыя сімвалы Касцёл нам паказвае як святло свету і жывую ваду. Словы Езуса, у якіх Ён сам называе сябе святлом свету і кажа, што кожны, хто ідзе за Ім не загіне ў цемры, а вада, якую Ён дае, натоліць смагу чалавека і той ужо не будзе прагнуць, найбольш раскрываюцца ў Пасхальнай літургіі, якую мы зараз перажываем.
Чытанні Старога Запавету прыпамінаюць нам асноўныя моманты гісторыі збаўлення і сярод іх мы чуем словы Бога: "Няхай стане святло". Святло — гэта жыццё, гэта ўпэўненасць, што я не блукаю, не згубіў дарогу. Святло дае кожнаму жывому арганізму магчымасць жыць і развівацца, а чалавеку — яшчэ і доступ да праўды. Святло — гэта магчымасць убачыць і належным чынам ацаніць дабро.
Молімся сёння, каб Пан дазволіў нам адчуць радасць прабывання ў Яго святле. Каб мы самі сталі тымі, хто нясе гэтае святло свету, каб праз Касцёл і нас асабіста хвала Хрыста ўваходзіла ў свет і асвятляла яго.