WYSIWYG Web Builder
Пасхальная вігілія ў Святую ноч
З наступленнем цемры ў Вялікую суботу ў нашай святыні прайшла самая галоўная хрысціянская літургія на працягу года — Пасхальная вігілія ў Святую ноч. Пасхальная вігілія з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. Вельмі развіты і багаты змест літургіі Пасхальнай вігіліі ўключае ў сябе ўсю гісторыю збаўлення.
Набажэнства Пасхальнай вігіліі распачалося перад касцёлам з Літургіі святла. Пасля асвячэння агню, ад яго быў запалены пасхал. Ва ўрачыстай працэсіі са словамі: "Святло Хрыста!" пасхал ўнеслі ў святыню, у якой было пагашана святло. Ад полымя пасхала вернікі запальвалі свае свечкі, перадаючы святло адзін аднаму. У сімвале святла, якое ўваходзіць у цемру, заключаецца сэнс усёй літургіі: у зло свету ўваходзіць Пан Езус. На пачатку гарыць толькі маленькі агеньчык на пасхале. Ад яго запальваюцца наступныя свечкі, а потым уключаюць святло і становіцца зусім светла. Напрыканцы гэтай часткі спяваецца Exultet - найпрыгажэйшы спеў на хвалу Святла, якім з'яўляецца Езус Хрыстус.
Хрысціянская Пасха мае непасрэдную духоўную сувязь са старазапаветным святам Пэсаху, што яскрава відаць з біблейскіх чытанняў, якія гучаць у другой частцы Вігіліі — Літургіі слова. Само слова Пасха — па-габрэйску Пэсах — азначае пераход. Гэтае свята, устаноўленае ў памяць зыходу сыноў Ізраэля з егіпецкай няволі, пасля ўваскрасення Хрыста набыло іншае значэнне. У гэты дзень хрысціяне святкуюць свой канчатковы і незваротны зыход з няволі граху і смерці і пераход да новага жыцця ў Хрысце, да жыцця ў свабодзе Божых дзяцей, якімі мы становімся праз хрост.

Падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік адзначыў, што мы збіраемся сёння ў чарговы раз, каб урачыстай літургіяй Пасхальнай вігіліі распачаць святкаваць Уваскрасенне Хрыста. Успамін смерці і  ўваскрасення Езуса, гэта не толькі рэканструкцыя гістарычнай падзеі звязанай з жыццём і смерцю аднаго чалавека, але, перш за ўсё, чарговая спроба зрабіць Хрыста часткай жыцця сучаснага свету, пераканаць саміх сябе, што нягледзячы на прагрэс і тэхналогіі, Езус не становіцца перажыткам мінулага, але, як кажа апостал Павел у пасланні да Габрэяў: "Езус Хрыстус той самы ўчора, сёння і навекі" (Гбр 13, 8).

Сёння, калі ўвесь каталіцкі свет дзеліцца радаснай навіной аб уваскрасенні Езуса Хрыста, мы хочам быць часткай гэтага свету — свету Хрыстовага. Апісанне пустой магілы Хрыста нас не палохае, бо мы ведаем, што здарылася. Як апослал Ян, які ўбачыў пустую магілу Хрыста і паверыў у Яго ўваскрасенне, так і мы — пачулі і паверылі. "Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў" — кажа Езус.

Няхай Пан умацуе нашу веру і напоўніць нашы душы супакоем і радасцю ад таго, што Ён не пакіне нас, але заўсёды застаецца з намі. Вялікая таямніца веры, якую сёння асабліва ўрачыста цэлебруем, няхай стане неад'емнай часткай нашага жыцця
— пажадаў святар.
Падчас Літургіі хросту адбылося асвячэнне вады, а затым, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, усе вернікі ў касцёле аднавілі свае хросныя абяцанні праз адрачэнне ад зла і вызнанне веры ў Бога, адзінага ў трох Асобах — Айца і Сына, і Святога Духа. Літургія Пасхальнай вігіліі дае магчымасць усім вернікам нанова і ўжо свядома перажыць свой уласны хрост. Гэта адбываецца праз акрапленне асвечанай вадой.

На заканчэнне Эўхарыстыі, ва ўрачыстай рэзурэкцыйнай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамантам, тройчы абыйшлі вакол касцёла, радасна абвяшчаючы наваколлю Змёртвыхпаўстанне Хрыста.
Пасля святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прыняў удзел ва ўрачыстасці і набажэнствах Пасхальнага трыдуума, а таксама прычыніўся да перадсвяточных спраў па прыбіранні і аздабленні касцёла. Святар пажадаў усім прысутным радаснага і пабожнага перажывання Вялікадня.

Жанна Закрэўская
05.04.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by