WYSIWYG Web Builder
Вялікі чацвер
Увечары ў Вялікі чацвер мы збіраемся на Імшу, якая называецца Літургія Вячэры Пана. Яна распачынае Святы Пасхальны Трыдуум. Гэта тры святыя дні, калі мы будзем разважаць пра ўстанаўленне сакрамантаў Эўхарыстыі і пасвячэння, пра муку і смерць нашага Пана Езуса Хрыста, а таксама пра Яго Уваскрасенне.
Распачалася святая Імша ўрачыстым уваходам у касцёл літургічнай службы і святароў, якія ў гэты дзень апранаюць белае літургічнае адзенне з нагоды ўстанаўлення сакрамантаў святарства і Эўхарыстыі.

Падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік заўважыў, што Вялікі чацвер вельмі важны дзень для ўсяго чалавецтва, бо ў гэты дзень сустракаецца старое і новае. Перагортваецца важная гістарычная старонка: дзеі Старога Запавету заканчваюцца і распачынаюцца дзеі Новага Запавету. Стары Запавет быў заключаны на гары Сінай паміж Богам і ізраільскім народам у асобе Майсея. У знак заключэння запавету была складзена ахвяра праз праліццё крыві жывёл. У часы Старога Запавету ізраільскі народ часта адыходзіў ад Бога. Заключэнне Новага Запавету, які будзе напісаны ў сэрцах людзей, прадказваў прарок Ерамія (пар. Ер. 31, 31-33). Новы Запавет з чалавекам быў заключаны праз Езуса Хрыста, які праліў сваю кроў і аддаў сваё жыццё, каб мы маглі жыць вечна.

Наша прысутнасць у касцёле ў Вялікі чацвер — гэта выраз нашай веры і наша ўдзячнасць Пану Богу за Новы і Вечны Запавет, які ўжо ніколі не зменіцца і які заўсёды будзем узгадваць на ўспамін Езуса Хрыста, які кожны раз прысутнічае падчас святой Эўхарыстыі.

У Вялікі чацвер Касцёл адзначае ўстанаўленне Езусам не толькі сакраманту Эўхарыстыі, але і святарства.
З гэтай нагоды парафіяне выказалі словы шчырай удзячнасці нашым святарам.
Напрыканцы літургіі Найсвяцейшы Сакрамант у працэсіі быў перанесены да часовага алтара. Гэты алтар, упрыгожаны свечкамі і кветкамі, сімвалізуе Аліўны сад, дзе Езус у агоніі чакаў арышту. Ён прасіў Апосталаў чуваць і маліцца разам з Ім, і гэтак жа Ён запрашае і нас: «Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41).
Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту ў нашай святыні працягвалася да 21-ай гадзіны.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by