WYSIWYG Web Builder
Вялікі чацвер
У Вялікі чацвер Імшою Вячэры Пана распачаўся Святы Пасхальны Трыдуум. З самой назвы бачна, што ў гэтай літургічнай цэлебрацыі ўспамінаецца Апошняя Вячэра, падчас якой Хрыстус устанавіў сакраманты Эўхарыстыі і Святарства, даючы вучням наказ аб братняй любові.
Распачалася святая Імша ўрачыстым уваходам у касцёл літургічнай службы і святароў, якія ў гэты дзень апранулі белае літургічнае адзенне з нагоды ўстанаўлення сакрамантаў Святарства і Эўхарыстыі. На пачатку Літургіі званілі званы і гучаў арган, але ў гэты ж вечар яны змаўклі да ўрачыстага «Аллелюя» ў Святую пасхальную ноч, таму што Касцёл пачынае перажываць муку Хрыста, якая распачалася са здрады аднаго з Яго апосталаў — Юды Іскарыёта.

Падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік заўважыў, што ў часе святой Імшы, адразу пасля малітвы кансэкрацыі хлеба і віна, мы чуем словы: "Гэта вялікая таямніца веры". Такім чынам Касцёл звяртае нашу ўвагу на тое, што зараз, у гэты момант, мы з'яўляемся сведкамі прысутнасці з намі Езуса Хрыста ў Эўхарыстычнай постаці.

У Вялікі чацвер, напярэдадні Мукі Пана, Касцёл узгадвае апошнюю вячэру Езуса з апосталамі, паказваючы бескарыслівае служэнне Божага Сына чалавеку, як праяўленне хрысціянскай любові да бліжняга. Сёння Езус дае апосталам не проста хлеб, а самога сябе, як таго, хто замяняе сабой усе ахвяры і прынашэнні Богу, якія былі патрэбныя ў Старым Запавеце.

"Няма большай ахвяры, чым ахвяра Хрыста"
падкрэсліў святар.
У Вялікі чацвер літургія сканцэнтравана вакол алтара. Асаблівая ўвага надаецца ўстанаўленню Эўхарыстыі, як Ахвяры Новага Запавету і формы пастаяннай прысутнасці ў супольнасці Касцёла, ахвяры сапраўднага Ягняці, якім ёсць Хрыстус. Эўхарыстыя — гэта ахвяра любові. Любоў чыніць так, што мы становімся здольнымі да яе спазнання і прыняцця ва ўзаемным замілаванні, у нашай самаахвярнасці.

У Вялікі чацвер Касцёл адзначае ўстанаўленне Езусам не толькі сакраманту Эўхарыстыі, але і святарства.
З гэтай нагоды парафіяне выказалі словы шчырай удзячнасці нашым святарам.
Літургію Вялікага чацвярга завяршыў абрад перанясення Найсвяцейшага Сакраманту ў спецыяльна падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе вязніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту.  Гэты абрад накіроўвае нас на перажыванне таямніцы еднасці з мукамі Хрыста.

Вось яно, Хрыстовае святарства.  Яно ў тым, што Езус дазваляе цалкам аддаць сябе людзям. І сёння мы святкуем менавіта такое святарства. Калі хтосьці аддае сябе праз нейкае служэнне, праз учынкі любові, то ён бярэ ўдзел у Хрыстовым святарстве. Падумайце пра гэта пасля літургіі Вялікага чацвярга.
Падчас перанясення Найсвяцейшага Сакраманту з алтара быў зняты абрус на знак таго, што да Вялікай ночы Уваскрасення на ім не будзе цэлебравацца святая Імша.

Адарацыя перад вязніцай працягвалася да 21-ай гадзіны.
Жанна Закрэўская
17.04.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by