17 лютага — распачаўся Вялікі пост
У Рымска-каталіцкім Касцёле Папяльцовая серада (Папялец) — гэта першы дзень Вялікага посту. Вялікі пост з’яўляецца перыядам супольнага пакаяння.

Гэты час «праз напамін аб хросце ці праз падрыхтоўку да яго, а таксама праз пакаянне  павінен настроіць вернікаў на святкаванне Пасхальнай таямніцы дзякуючы больш уважліваму слуханню Божага слова і стараннай малітве» (Канстытуцыя Sacrosanctum concilium п. 109), таму заахвочваем вернікаў нашай парафіі да ўдзелу ў набажэнствах Крыжовага шляху, якія будуць праводзіцца кожную пятніцу ў 17.30 і кожную нядзелю ў 9.30, а таксама Песнях жальбы ў нядзелю ў 7.30 - на польскай мове, у 11.30 - на беларускай мове. 

Пакаянне  выражаецца  ў  шматлікіх  формах, найперш — праз малітву, пост, міласціну. Згодна з касцёльнай запаведдзю, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах.

Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Абавязак устрымання ад мяса не датычыць спажывання яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў (пар. Апостальская Канстытуцыя Paenitemini, III. — § 1).

У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары (пар. Paenitemini, III. — § 2). Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця.

Не з’яўляецца грахом незахаванне посту і ўстрымання ад мяса, калі няма магчымасці ўчыніць гэта па аб’ектыўных прычынах. У некаторых мясцовасцях, па звычаі, прынята захоўваць таксама пост у Вялікую суботу.

Вернікі могуць дабравольна накласці на сябе дадатковыя абмежаванні ў ежы або выбраць іншыя дадатковыя формы пакаяння.

Паводле сайта catholic.by.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by