Пакаянне і мука Пана — галоўныя тэмы Вялікага посту
22 лютага распачынаецца Вялікі пост перыяд супольнага пакаяння. Гэты час «праз напамін аб хросце ці праз падрыхтоўку да яго, а таксама праз пакаянне  павінен настроіць вернікаў на святкаванне Пасхальнай таямніцы дзякуючы больш уважліваму слуханню Божага слова і стараннай малітве» (Канстытуцыя Sacrosanctum concilium п. 109).
Перыяд Вялікага посту — час пакаяння і падрыхтоўкі да Уваскрасення Пана. Важнымі складальнікамі гэтага перыяду ў жыцці хрысціяніна павінны стаць малітва, пост і міласціна. Асаблівым чынам вернікі павінны ў час Вялікага посту дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Малітва і пост цесна звязаныя паміж сабой. Час посту — гэта час унутранага навяртання, у якім не заўсёды чалавек думае пра сябе, колькі адмаўляецца ад чагосьці на карысць іншых і шукае дыялог з Богам, каб сапраўды да лепшага змяніць сябе і сваё духоўнае жыццё. Згодна з касцёльнай запаведдзю, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах.

Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Абавязак устрымання ад мяса не датычыць спажывання яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў (пар. Апостальская Канстытуцыя Paenitemini, III. — § 1).

У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары (пар. Paenitemini, III. — § 2). Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця.

Не з’яўляецца грахом незахаванне посту і ўстрымання ад мяса, калі няма магчымасці ўчыніць гэта па аб’ектыўных прычынах. У некаторых мясцовасцях, па звычаі, прынята захоўваць таксама пост у Вялікую суботу. Вернікі могуць дабравольна накласці на сябе дадатковыя абмежаванні ў ежы або выбраць іншыя дадатковыя формы пакаяння.

Каб годна перажыць перыяд Вялікага посту заахвочваем вернікаў нашай парафіі да ўдзелу ў набажэнствах Крыжовага шляху, якія будуць праводзіцца кожную пятніцу ў 18.00 і кожную нядзелю ў 9.30, а таксама Песнях жальбы ў нядзелю ў 7.30 - на польскай мове, у 11.30 - на беларускай мове.  Таксама запрашаем да прыватнай і супольнай малітвы ў сваіх сем'ях аб міры і супакоі, аб павазе правоў і чалавечай годнасці, аб навяртанні.

Паводле матэрыялаў сайта Сatholic.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by