Набліжаецца свята Уваскрасення Хрыста. Яно заклікае нас адкласці ў бок клопаты аб штодзённым, палітычныя дыспуты і сваркі. Сёння паўтараем словы апостала Паўла, якія скіраваны да кожнага, незалежна ад таго, у якім напрамку ён хацеў бы ісці: “У імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам!” (2Кар 5,20) Паяднайся з Богам. Прызнай памылкі свайго жыцця ў святле Божых запаведзяў і прынясі годны плён пакаяння.
Гісторыя ўжо не раз паказвала нам, што выключаючы Бога са свайго жыцця, чалавек скочваецца ў бездань несправядлівасці і беззаконня. Ці не дастаткова прыкладу папярэдніх пакаленняў?! Ці мы сёння ізноў не становімся на шлях барацьбы з Богам?!
Досыць падману і фальшу! Чалавек! Зразумей, што твая годнасць і вялікасць у пакоры перад тваім Стварыцелем і Збаўцам! Схілі калені перад пустой магілай Хрыста ў велікодную раніцу. Паўтарай з апосталам Тамашам: “Пан мой і Бог мой!” (Ян 20, 28)
Хопіць жыць рэлігійным фальклёрам і знешнімі абрадамі. Адчыні сваё сэрца і жыццё Хрысту. Сустрэнь свайго ўваскрослага Пана і ніколі Яго не пакідай!
З пажаданнямі глыбокага перажывання Пасхальнага Трыдуума, ад імя святароў Мёрскага дэканату, кс.Андрэй Кулік, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах