Са святам Божага Нараджэння!
Дарагі брат і сястра, які святкуеш Божае Нараджэнне!
Свята нараджэння Збаўцы заахвочвае нас задумацца над вялікай таямніцай прысутнасці Бога, які прыходзіць да сваіх у асобе Езуса Хрыста.
Створчае Слова Бога, па-габрэйску Дабар (Dabar), Вэрбум (Verbum) па-лаціне — ёсць Святлом, крыніцай жыцця. Усё праз Яго сталася і без Яго не сталася нічога з таго, што існуе (пар. Ян 1,3). Вось чаму ўсё стварэнне ў істоце сваёй добрае і нясе ў сабе след Бога. Аднак калі Езус нарадзіўся з Дзевы Марыі, само Святло прыйшло ў свет.

Бог з Бога, Святло са Святла, як вызнаём у вызнанні веры.

Той, які стварыў чалавека, сам стаў чалавекам, каб прынесці свету супакой.

У святую ноч Нараджэння Езуса літургія пачынаецца гэтымі словамі:”Сёння сапраўдны супакой зышоў з неба на зямлю”. Больш за тое, толькі святло Хрыста можа даць нам сапраўдны супакой. Вось чаму кожнае пакаленне людзей павінна прыняць гэтае святло каб прыняць Бога, які ў Бэтлееме стаў адным з нас.

Гэта і ёсць Божае Нараджэнне. Гістарычная падзея і таямніца любові Бога, якая ўжо больш за дзве тысячы гадоў з’яўляецца для чалавецтва выклікам, на які кожны з нас павінен адказаць. Каб распазнаць і прыняць гэты Дар Бога патрэбна вера. Вера і пакора. Пакора Марыі і Юзафа, якія першыя схіліліся над яслямі і ўбачылі ў іх не толькі нованароджанае Дзіця, але і Божага Сына. Разам з пастухамі, з каралямі, што прыйшлі аддаць пашану Езусу будзьма і мы, людзі добрай волі, якім нараджэнне Божага Сына прыносіць вялікую радасць і супакой.

Благаславёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года ўсім Вам жадае кс. Андрэй Кулік і святары Міёрскага дэканату.

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by