На першы погляд, вера ў Езуса Хрыста выглядае складана і таямніча, аднак яна вельмі простая і даступная. Яе сутнасць – у асабістых адносінах з Тым, Хто стварыў гэты свет, – з жывым Богам, Катораму належаць найвышэйшая ўлада, канчатковы суд і апошняе слова. З Тым, Хто мае моц змяніць гэты свет на лепшы. Але гэтая перамена можа распачацца толькі ў людcкім сэрцы, не наадварот. І пажадана, каб не ў адным-двух. Гэтай перамены, гэтага аднаўлення людcкога сэрца паводле Божага вобразу Бог чакае ад кожнага з нас. “Будзьце святыя, таму што Я – святы” (1П 1,16), “навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў” (Мц 11,29), “любіце адно аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 13,34).
Прыняцце сэрцам словаў Евангелля – гэта наш шлях у Бэтлеем. Той шлях, на якім выпраўляюцца шматлікія складанасці нашага жыцця і ствараецца атмасфера прыязнасці, прымірэння і адкрытасці ў адносінах з бліжнімі. Напэўна, мы ведаем, наколькі важна мець такую атмасферу любові і згоды ў сваіх сем’ях, сярод найбліжэйшых да сябе людзей і, што актуальна, як ніколі, сёння, між краінамі. Як важна ўмець дараваць крыўды і прасіць аб прабачэнні, бо гэта той ключ, што заўсёды адчыняе дзверы да паяднання. За гэтым ідуць Божае бласлаўленне і перамена ў свеце тых рэчаў, якія нам самім не пад сілу ці ад нас не залежаць.
Таму паспрабуем разам з бэтлеемскімі пастушкамі паверыць у гэта і адшукаць Езуса, прыняўшы Яго ў свой дом разам з Яго Маці Марыяй і Юзафам. Паспрабуем у сваім жыцці ісці тым шляхам, які вызначае Божае Слова, бо яно не толькі кажа пра веру, пра надзею і любоў, яно з’яўляецца іх крыніцай. Паспрабуем паверыць у моц той ласкі і святла, якое заззяла нам праз нараджэнне Езуса Хрыста. А гэтая вера няхай дапаможа нам атрымаць Божую дапамогу і бласлаўленне: кожнаму з нас, нашай Бацькаўшчыне Беларусі і ўсяму сучаснаму свету!
Бласлаўлёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2026 года!