Падчас літургіі Слова пачулі ўрывак з Евангелля паводле Яна, які апісвае Муку Пана. У гаміліі ксёндз Алег Зямчонак падкрэсліў, што сёння мы прыходзім ў святыню каб угледзецца не толькі вачыма, але і сэрцам узбаўчыя і пакутніцкія раны Хрыста, каб глыбей адчуць і зразумець, якой цаной было дадзена кожнаму з нас прабачэнне і ласка збаўлення.
Літургію Слова прадоўжыла доўгая малітва ў 10-ці розных інтэнцыях.
Пасля малітвы настаў момант адарацыі Крыжа. Міністранты ўнеслі да алтара крыж, які быў закрыты ў фіялетавую тканіну. Ксёндз Алег Зямчонак паступова здымаў тканіну з крыжа і тройчы спяваючы: «Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету» ўздымаў яго ўгару. Затым святары, міністранты і вернікі ўшанавалі крыж праз цалаванне.