Вялікая пятніца
У Вялікую пятніцу не цэлебруецца святая Імша, а адбываецца набажэнства, якое мае назву літургія Мукі Пана. У гэты дзень Першасвятар нашага збаўлення Хрыстус, паміраючы на крыжы, прынёс на ім крывавую ахвяру ўміласціўлення Нябеснаму Айцу за грахі ўсіх людзей, таму ў гэты дзень асаблівым чынам мы ўшаноўваем Крыж.
Пасля Крыжовай дарогі, якую прайшлі разам, каб яшчэ раз праз супольную малітву далучыцца да пакутаў Езуса на крыжы, у цішыні, без спеву і прывітання распачалася Літургія Мукі Пана.

У Вялікую пятніцу святары кладуцца перад алтаром крыжам і пэўны час моляцца ў маўчанні. Гэта вельмі моцны і сімвалічны жэст святароў, які з'яўляецца знакам найглыбейшага прыніжэння, пакаяння і перапрашэння Бога за людскія грахі, якія прывялі Божага Сына на крыж.
Таямніцу Мукі Пана падрабязна раскрывае чытанне Евангелля паводле апостала Яна — сведкі падзеі. Не менш моцным знакам з’яўляецца разбудаваная малітва вернікаў, якая ахоплівае ўсе людскія патрэбы і боль, давяраючы іх Божай міласэрнасці.

Пасля малітвы настаў момант адарацыі Крыжа. Дыякан Антон Тышко ўнёс да алтара крыж, які быў закрыты ў фіялетавую тканіну. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік паступова здымаў тканіну з крыжа і тройчы спяваючы: «Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету» ўздымаў яго ўгару. Затым святары, міністранты і вернікі ўшанавалі крыж праз цалаванне.
У дзень Хрыстовай Мукі і Смерці не цэлебруецца таямніца Эўхарыстыі. Святары разам з усімі вернікамі прымаюць святую Камунію толькі пад постаццю Хлеба — гэта яшчэ адзін выраз надзвычай пакутнага характару гэтага дня. Пасля ўдзялення Камуніі святыя Эўхарыстычныя дары былі ў працэсіі перанесеныя ў сімвалічную грабніцу, дзе яны застануцца да заканчэння Пасхальнай Вігіліі.
Паступова ўсё святло ў касцёле было загашана і толькі асветленая грабніца стала месцам адарацыі, якая доўжылася да 22-ой гадзіны.

Жанна Закрэўская
03.04.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by