Сёння Вялікая субота — час пабыць сам-насам з Езусам у грабніцы
Вялікая субота — гэта дзень, калі ўвесь Хрыстовы Касцёл прабывае ў жалобе і святым маўчанні перад грабніцай свайго Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. На працягу ўсяго гэтага дня вернікі прыходзяць у касцёл, каб у малітоўнай цішыні пабыць сам-насам з Езусам у грабніцы.
Знайсці час на адарацыю Збаўцы, які аддаў за нас сваё жыццё, пакліканы сёння кожны хрысціянін. Вялікая субота — таксама дзень падрыхтоўкі да святкавання, калі гатуюцца і благаслаўляюцца традыцыйныя велікодныя стравы. У іх знайшлі адлюстраванне асноўныя элементы пасхальнага сэдэру — старазапаветнай пасхальнай вячэры (гл. Зых 12, 1–8).

Замест пасхальнага ягняці — смачныя кілбасы і вяндліны, замест горкіх траваў — наш хрэн з бурачком або смятанай, замест праснакоў — кулічы і булкі.
Традыцыя асвячэння велікодных страваў у касцёле існуе, бадай што, толькі ў нас, дзе цесна перапляліся звычаі і традыцыі заходняга і ўсходняга хрысціянства: каталіцтва і праваслаўя. Таксама чыста славянскім элементам велікоднага стала з’яўляюцца фарбаванкі, пісанкі — рознакаляровыя яйкі, найчасцей чырвоныя, як сімвал уваскрослага Хрыста — Сонца, якое не ведае заходу.

Фарбаванне яек і прыгожае складанне кошычкаў з ежай для пасвячэння — цэлае мастацтва, што займае ў нашых гаспадыняў шмат часу і прыносіць вялікую радасць дзецям.
У гэты дзень вернікі таксама традыцыйна захоўваюць пост, як і ў Вялікую пятніцу.

І хоць смачныя пахі велікодных страваў казычуць нос, але з іх спажываннем давядзецца пачакаць да нядзелі, калі, прывітаўшы адно аднаго воклічамі «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!» — сям’я збярэцца за адным сталом, каб падзяліцца радасцю гэтай асноўнай падзеі хрысціянскай веры: Уваскрасення Хрыста з мёртвых.

Паводле Сatholic.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by