Вялікая субота
Вялікая субота — гэта дзень, калі ўвесь Хрыстовы Касцёл прабывае ў жалобе і святым маўчанні перад грабніцай свайго Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. На працягу ўсяго гэтага дня вернікі прыходзяць у касцёл, каб у малітоўнай цішыні пабыць сам-насам з Езусам у грабніцы.
Знайсці час на адарацыю Збаўцы, які аддаў за нас сваё жыццё, пакліканы сёння кожны хрысціянін. Адарацыя ў нашай святыні адбывалася з 9-ай па 18-ую гадзіну. Увесь дзень быў час на супольную і прыватную малітву ля грабніцы Пана. А 15-ай гадзіне, перад асвячэннем страў, усе прысутныя ў касцёле супольна памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Вялікая субота — таксама дзень падрыхтоўкі да святкавання, калі гатуюцца і бласлаўляюцца традыцыйныя велікодныя стравы. Фарбаванне яек і прыгожае складанне кошычкаў з ежай для пасвячэння — цэлае мастацтва, што займае ў нашых гаспадыняў шмат часу і прыносіць вялікую радасць дзецям.
У гэты дзень вернікі таксама традыцыйна захоўваюць пост, як і ў Вялікую пятніцу.

І хоць смачныя пахі велікодных страваў казычуць нос, але з іх спажываннем давядзецца пачакаць да нядзелі, калі, прывітаўшы адно аднаго воклічамі «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!» — сям’я збярэцца за адным сталом, каб падзяліцца радасцю гэтай асноўнай падзеі хрысціянскай веры: Уваскрасення Хрыста з мёртвых.

Жанна Закрэўская
19.04.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by