Конкурс на веданне Святога Пісання праходзіў у тры этапы: парафіяльны, дэканальны і фінал. Каб трапіць на наступны этап, неабходна было выканаць не менш 75 працэнтаў заданняў. Трэба адзначыць, што іспыты прадугледжвалі грунтоўнае і дакладнае валоданне матэрыялам. У гэтым годзе агульнай тэмай конкурсу сталі Евангельскія прыпавесці.
Па выніках першых двух этапаў у фінал трапілі 60 чалавек: 15 дзяцей з малодшай катэгорыі (7-11 гадоў), 23 — з сярэдняй (12-17 гадоў) і 22 дарослыя ад 18 гадоў з Віцебскай, Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Найбольш прадстаўнічай у фінале была парафія св. Міхала Арханёла са Смаргоні Гродзенскай дыяцэзіі — 9 чалавек, 4 з іх сталі ў выніку пераможцамі.
Сярод фіналістаў было некалькі сямейных "дуэтаў", калі мамы разам са сваімі дзецьмі рыхтаваліся да конкурсу: Кацярына і Макар Халдзей з Варапаева, Таццяна і Кацярына Жураўлёвы з Віцебска, Вольга і Мая Хілько з Мінска і інш.