Падведзены вынікі выставы "Хрыстос нарадзіўся!"
10 студзеня Касцёл адзначыў свята Хросту Пана. На святой Імшы а 10 гадзіне падчас гаміліі дзеці і дарослыя разам з ксяндзом-вікарыем Аляксандрам Дулінцам разважалі над сутнасцю паняццяў "хрост", "першародны грэх". Святар звярнуў асаблівую ўвагу прысутных на значэнне сакраманту хросту ў жыцці кожнага чалавека, а таксама на тэалагічны сэнс хросту Езуса ў рацэ Ярдан. Напрыканцы літургіі адбылося традыцыйнае асвячэнне вады, а пасля святой Імшы былі падведзены вынікі выставы малюнкаў і стаенак "Хрыстос нарадзіўся!".  На выставе былі прадстаўлены 32 работы: 5 стаенак і 27 малюнкаў. Вельмі цікавымі былі ідэі выканання стаенак. Дана Падзява разам з бацькамі з папяровых трубачак зрабіла скарбонку "Добрых спраў", Карцяновіч Андрэй выканаў плоскую кампазіцыю з салёнага цеста, Высоцкі Арцём - аб'ёмную аплікацыю. Эстэтычным густам і цікавым мастацкім падыходам вылучаліся сямейныя работы Дамінікі і Арцёма Арлюкевічаў; Рамана, Ганны і Марыі Чарняўскіх.  Малюнкі, прадстаўленыя на выставе, былі выкананы ў розных тэхніках: аловак, акварэль, гуаш, аплікацыя. Кожная работа прасякнута радасцю, дабрынёй і дзіцячай непасрэднасцю ўспрымання свята Божага Нараджэння, таму было прынята рашэнне не вызначаць пераможцаў, а ўзнагародзіць усіх ўдзельнікаў выставы-конкурсу.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by