WYSIWYG Web Builder
Дапамагчы тым, хто адышоў – выпамінкі і малітва на могілках
Набліжаецца лістапад – месяц нашай асаблівай духоўнай сувязі з памерлымі і малітвы за іх. Касцёл ад пачатку сваёй гісторыі ахінае асаблівай малітоўнай апекай душы памерлых, якія знаходзяцца ў чысцы і, каб дасягнуць раю, патрабуюць малітоўнай дапамогі.
Добрае духоўнае перажыванне дзён Успаміну памерлых патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі з боку саміх вернікаў. Гэтая падрыхтоўка павінна адбывацца на двух узроўнях: унутраным (духоўным) і знешнім (матэрыяльным).

Духоўная падрыхтоўка да ўрачыстасці Усіх Святых і Успаміну памерлых (1-2 лістапада) датычыць перадусім выпраўлення жыцця верніка, паяднання з Богам і бліжнім. Практычна гэта выражаецца ў тым, што католік стараецца перад святам прыступіць да споведзі і памірыцца са сваімі блізкімі. Такі вернік атрымлівае ад Бога велізарную ласку, ён можа не толькі сам прыступіць да св. Камуніі, але і ахвяраваць свае добрыя справы і шматлікія ласкі Пану Богу як перапрашэнне за кагосьці з памерлых. Чым больш чалавек шчырым сэрцам набліжаецца да Бога і чым больш інтэнсіўна ўдзельнічае ў жыцці Касцёла, тым больш эфектыўнай становіцца яго малітва і ахвяра.

Знешняя падрыхтоўка ад ўрачыстасці Усіх Святых і Успаміну памерлых ахоплівае некалькі спраў. У першую чаргу гэта клопат аб тым, каб падаць святару “выпамінкі” — карткі з імёнамі сваіх блізкіх, каб уключыць іх у адмысловую малітву Касцёла. Пісаць імёны трэба разборліва, у назоўным склоне так, як чалавек быў ахрышчаны. Можна спачатку ўказваць прозвішча, а потым імя. Напрыклад: † Сымановіч: Юзаф, Станіслаў, Марыя, Аліна і г.д. Разам з карткамі складаецца адвольная ахвяра на патрэбы парафіі.

Запіскі неабходна падаць у сакрыстыю да 1 лістапада. Просім прыносіць выпамінкі, па магчымасці, у буднія дні, каб не перагружаць нядзелю — святочны дзень.

Другая важная справа — гэта асабістая прысутнасць на набажэнстве за памерлых у касцёле або на могілках. Тым больш, што святы Касцёл дае вернікам, якія ў гэтыя дні прыступяць да св. Камуніі, наведаюць могілкі і памоляцца за памерлых, магчымасць атрымаць адпуст (прабачэнне кары за грахі).

У канцы кастрычніка — пачатку лістапада пройдуць набажэнствы на старых і новых гарадскіх могілках, на могілках у в.Пціцкія, Пад'ельцы. Час набажэнстваў будзе пададзены пазней. Варта загадзя або напярэдадні навесці парадак ля пахаванняў сваіх родных і блізкіх, і, па магчымасці, паклапаціцца таксама пра закінутыя магілы.

У актаву Усіх Святых у касцёлах цэлебруюцца адмысловыя святыя Імшы за памерлых, падчас якіх чытаюцца выпамінкі. Такія Імшы называюцца складковымі, бо ў час Эўхарыстыі просьбы розных вернікаў аб малітве злучаюцца (складваюцца) разам. У нашым касцёле складковыя Імшы, як і штогод, будуць адпраўляцца кожны дзень з 1 па 8 лістапада а 18-ай гадзіне і будуць спалучацца з нешпарамі за памерлых.

Святы Ян Павел ІІ казаў: "Памерлыя маюць патрэбу ў нашай любові, выказанай у малітве. Яны маюць патрэбу ў гэтым праменьчыку святла, каб трапіць у дом Айца. Малітва за памерлых — гэта важны абавязак, бо нават калі яны адышлі ў стане ласкі і прыязнасці з Богам, магчыма, ім патрэбна яшчэ апошняе ачышчэнне, каб дасягнуць радасці неба", таму няхай нашым годным успамінам пра памерлых стане не толькі запаленая на магіле свечка і прынесеныя кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой іх душ.

10.10.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by