Падведзены вынікі выставы "Хрыстос нарадзіўся!"
6 студзеня ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана на святой Імшы а 12-ай гадзіне былі падведзены вынікі выставы малюнкаў і стаенак "Хрыстос нарадзіўся!", якая праходзіла ў нашай святыні з 24 снежня па 6 студзеня. У выставе прынялі ўдзел 19 работ. Усе ўдзельнікі, якія былі на святой Імшы, атрымалі падарункі.
Звяртаючыся з душпастырскай навукай да вернікаў вікарый ксёндз Алег Зямчонак заўважыў, што сёння мы перажываем вялікую і важную ўрачыстасць для ўсяго Касцёла — Аб'яўленне Пана, калі Сын Божы аб'яўляецца не толькі ізраільскаму народу але і ўсяму светую. Мы бачым гісторыю першых пілігрымаў, якія ішлі да Бэтлеемскіх ясляў. Трох каралёў з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца Пану і сэрцам дакрануцца да Сына Божага. У Евангеллі мы не знойдзем ніводнага слова, якое яны прамовілі. Мы толькі ведаем, што яны прынеслі дары: золата, кадзіла і мірру — сімвалы каралеўскай улады. Як дзве тысячы гадоў таму назад, Пан Бог дакрануўся да сэрца мудрацоў, так і сёння дакранаецца да кожнага сэрца, якое напоўнена пакорай і любоўю.

Традыцыйна ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана асвячаецца крэйда, якой робім надпіс на ўваходных дзвярах дома літар С+М+В, а таксама даты бягучага года, тым самым сведчым пра сваю прыналежнасць да супольнасці людзей, гатовых праслаўляць Хрыста. На самым пачатку традыцыі гэта быў скарочаны запіс лацінскага пажадання: Christus mansionem benedicat – Няхай Хрыстус блаславіць жыллё! Часам падаецца іншая інтэрпрэтацыя. Многія лічаць, што літары С+М+В гэта ініцыялы трох каралёў (Caspar, Melchior, Baltasar), імёны якіх вядомыя толькі з традыцыі і не сустракаюцца ў Евангеллі.

Рэлігійны знак пазначэння дзвярэй надпісам С+М+В нагадвае і жыхарам дома, і гасцям, што ў гэтым доме рэлігія мае сваё сямейнае вымярэнне, але яна – не толькі прыватная справа членаў дадзенай сям’і. Вядома, што сям’я, пабудаваная на падмурку хрысціянскага сакраментальнага сужэнства, павінна быць хатнім Касцёлам.
Пасля Літургіі адбылося падвядзенне вынікаў выставы. Ксёндз Алег Зямчонак падзякаваў дзецям за ўдзел у выставе, пажадаў ім творчых поспехаў і ўручыў падарункі. Завяршылася імпрэза агульным фотаздымкам.
У гэтым годзе на выставе былі прадстаўлены 17 малюнкаў і 2 стаенкі. Узрост удзельнікаў ад 5 да 16 гадоў. Усе работы заслугоўваюць увагі, бо кожная вылучаецца мастацкім густам і высокім узроўнем выканання з улікам узросту. Сярод ўдзельнікаў шмат тых, зто прымае ўдзел у выставе не першы год. Дзеці з сям'і Чарняўскіх і з сям'і Бондар разам са старэйшымі зрабілі цудоўныя стаенкі. Падзява Дана намалявала малюнак у выглядзе паштоўкі. Чарняўская Аня, Валеўка Таня, Арлюкевіч Дамініка, Арлюкевіч Арцём, сёстры Махлінец Марыя і Ксенія адлюстравалі на сваіх малюнках падзею нараджэння Пана, што ў поўнай меры адпавядае тэматыцы конкурсу.

Арыгінальнасцю, высокім узроўнем выканання і творчым падыходам вылучаецца работа Граковіч Вікторыі. Маленькія ўдзельнікі выставы Карзянок Дзіма, Рубанік Вераніка, Зорына Надзея, Чэрвак Ульяна намалявалі анёлкаў. Плотнікаў Яраслаў, Пруткова Ліза, Крэміс Віка, Мятла Ліза і інш. прадставілі на сваіх работах Бэтлеемскую зорку і святочныя матывы. Многія ўдзельнікі выставы займаюцца ў раённай школе мастацтваў, дзе пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў, раскрываюць і развіваюць свае таленты.

Жанна Закрэўская

06.01.2024
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by