Падведзены вынікі выставы "Хрыстос нарадзіўся!"
6 студзеня ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана на святой Імшы а 12-ай гадзіне былі падведзены вынікі выставы малюнкаў і стаенак "Хрыстос нарадзіўся!", якая праходзіла ў нашай святыні з 24 снежня па 6 студзеня. На выставе ў гэтым годзе былі прадстаўлены 53 работы. Усе ўдзельнікі, якія былі на святой Імшы, атрымалі падарункі.
Традыцыйна ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана асвячаецца крэйда, якой робім надпіс на ўваходных дзвярах дома літар С+М+В, а таксама даты бягучага года, тым самым сведчым пра сваю прыналежнасць да супольнасці людзей, гатовых праслаўляць Хрыста. На самым пачатку традыцыі гэта быў скарочаны запіс лацінскага пажадання: Christus mansionem benedicat – Няхай Хрыстус блаславіць жыллё!

Рэлігійны знак пазначэння дзвярэй надпісам С+М+В нагадвае і жыхарам дома, і гасцям, што ў гэтым доме рэлігія мае сваё сямейнае вымярэнне, але яна – не толькі прыватная справа членаў дадзенай сям’і. Вядома, што сям’я, пабудаваная на падмурку хрысціянскага сакрамэнтальнага сужэнства, павінна быць хатнім Касцёлам.
Пасля Літургіі адбылося падвядзенне вынікаў выставы. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ўсім дзецям, якія прынялі ўдзел у выставе, а таксама іх бацькам за дапамогу ў падрыхтоўцы работ.  Дапамога бацькоў не супярэчыць прынцыпам арганізацыі выставы, а наадварот спрыяе ўмацаванню сямейных адносін праз агульную справу. Дзеці, выконваючы разам з бацькамі стаенкі або малюнкі, не толькі вучацца ствараць нешта новае, але таксама праз сумесную дзейнасць глыбей пазнаюць таямніцу Божага Нараджэння.

Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў бок выкладчыка мастацкай школы Чарняўскага Баляслава Часлававіча, які паспрыяў удзелу ў выставе работ навучэнцаў Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў. Мастацкая школа прадставіла 31 работу, аўтарамі якіх з'яўляюцца дзеці не толькі з каталіцкіх сем'яў, але і праваслаўных. Некаторыя з іх у гэты дзень прыйшлі разам з бацькамі на падвядзенне вынікаў.
У гэтым годзе на выставе была прадстаўлена рэкордная колькасць работ: 2 стаенкі, 1 выцінанка і 50 малюнкаў. Узрост удзельнікаў ад 6 да 14 гадоў. Хтосьці маляваў самастойна, іншым дапамагалі бацькі ці нехта са старэйшых. Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе работы ў большасці адпавядалі тэматыцы свята Божага Нараджэння. Святая Сям'я, Дзіцятка Езус, стайня, анёлкі, Бэтлеемская зорка, наша святыня — вось асноўныя сюжэты малюнкаў.

Радуе, што ёсць дзеці, якія імкнуцца выкарыстоўваць разнастайныя віды мастацка-дэкаратыўнай творчасці. Так Курдутава Агата зрабіла цудоўную выцінанку, а Чарняўская Агата
— аб'ёмную аплікацыю. Вылучаліся арыгінальнасцю, акуратнасцю і далікатнасцю выканання стаенкі. Сям'я Вярковіч зрабіла стаенку ў традыцыйным стылі, а Арлюкевіч Дамініка — у выглядзе ёлачнай цацкі.

Усе работы заслугоўваюць ўвагі, бо кожная адметная пэўным мастацкім густам і высокім узроўнем выканання з улікам узросту.

Жанна Закрэўская

06.01.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by