Застацца сабой у адносінах
"Застацца сабой у адносінах" — пад такой назвай з 3 па 5 сакавіка ў вёсцы Удзела Глыбоцкага дэканата прайшоў чарговы «Weekend (ўік-энд) з Марыяй». Маладыя людзі з розных куточкаў Беларусі сабраліся ў мястэчку Беззаганай каб прысвяціць свой вольны час Маці Божай, супольна памаліцца і абмеркаваць пытанні, якія іх хвалююць.
Як адзначыў духоўны кіраўнік моладзевых спатканняў у Удзела а.Віктар Мялешка OFMConv, ініцыятарам сустрэч стала сама моладзь. Першае такое спатканне пад апекай Марыі, упершыню прайшло ў кастрычніку 2022 года ў першую пятніцу, суботу і нядзелю месяца. Гэта акалічнасць і падштурхнула да з'яўлення назвы: «Weekend (ўік-энд) з Марыяй».

Кожная такая сустрэча мае сваю тэматыку, якую прапануе моладзь. У спатканнях прымаюць удзел святары, якія дапамагаюць больш глыбока яе раскрыць.
Госцем чарговай сустрэчы на тэму "Застацца сабой у адносінах" стаў ксёндз Яўген Шымановіч.  "Як захаваць чысціню сэрца і непаддацца негатыўнаму ўплыву іншых? Як распазнаць сапраўднае каханне і што рабіць, калі няма ўзаемнасці?" — вось толькі некаторыя пытанні, якія закрануў святар падчас канферэнцый. Актыўны ўдзел маладых людзей у абмеркаванні праблемы сведчыць аб важнасці і актуальнасці выбранай тэмы.
У праграме ўік-энда, акрамя канферэнцый, быў час на рэкрэацыю — адпачынак у залежнасці ад інтарэсаў, а таксама пустыню — час асабістай цішыні. У вольны час маладыя людзі мелі магчымасць абмеркаваць тэму сустрэчы, падзяліцца ўласным досведам, скарыстацца сакрамантам споведзі.

Значную частку спаткання займала малітва: святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, вяночак да Божай Міласэрнасці, Нешпары.
Кранальным момантам для многіх стала вячэрняя адарацыя праслаўлення з малітвай аздараўлення душы і цела, якую правёў ксёндз-экзарцыст Мікалай Ціхановіч.

Пасля адарацыі настаў вечар пытанняў і адказаў, падчас якога святары адказалі на пытанні, якія хвалююць моладзь.
У апошні дзень спаткання аніматары правялі рэфлексію ўік-энда. У групах маладыя людзі дзяліліся ўражаннем  аб тым, што для іх было найбольш важным і цікавым, уносілі прапановы аб арганізацыі наступных сустрэч.
Кульмінацыяй дня стала Эўхарыстыя. У гамілі а.Віктар Мялешка OFMConv, разважаючы над тэмай сустрэчы падкрэсліў, што важна заставацца сабой не толькі ў адносінах з іншымі людзьмі, але і ў адносінах з Богам. "Мы павінны прыносіць Пану Богу ўсё, што ляжыць у нас на сэрцы, быць шчырым і адкрытым, каб Хрыстус выслухаў нашыя просьбы і малітвы. Прыкладам такіх адносін з Богам для нас з'яўляецца Марыя" — падкрэсліў святар.

Падчас святой Імшы трое маладых людзей прысвяцілі сябе Беззаганнай, каб як мага больш наследваць Марыю і быць яе рыцарам.
Напрыканцы святой Імшы моладзь выказала словы ўдзячнасці айцу Віктару Мялешка OFMConv за духоўную апеку і ўсім айцам-францішканам за арганізацыю сустрэчы. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас парафіянаў, якія прынялі ўдзельнікаў уік-энда на начлег і прычыніліся да арганізацыі харчавання.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by