Як трэба апранацца ў касцёл
З прыходам лета дзверы касцёлаў падчас літургіі адчыняюцца, людзі апранаюцца лягчэй. Але наколькі адкрытае адзенне дазволена насіць? Дзе мяжа прыстойнасці? Спецыяльнага дакумента, які б указваў на дрэс-код, патрэбны для наведвання святыні, не існуе. Але тое, што падобныя правілы не прапісаны, не вызваляе чалавека ад абавязку насіць належнае для культавага збудавання адзенне.
Наадварот, асоба нясе за гэта яшчэ большую адказнасць. Калі б існавалі задакументаваныя нормы, чалавек мог бы проста адмахнуцца, што не ведаў іх, таму не прытрымліваўся. А з-за неабходнасці прыняць самастойнае рашэнне ў дадзенай сітуацыі ён поўнасцю адказны за свой выбар.

Нормы рэгулююцца этыкетам, які абапіраецца на сумленне самой асобы, што прыйшла ў Божы дом. Усемагутнаму, канешне, няма розніцы, як апрануты вернікі – Ён глядзіць у сэрца, а не на вопратку. Наша ўбранне, перш за ўсё, сведчыць пра ўласную культуру, павагу да сябе і тых, хто побач.

Знешні выгляд чалавека можа быць прычынай, па якой цэнтрам засяроджання бліжняга ў месцы, дзе патрэбна суцішыцца на малітве, стане не Бог, а яго персона. Увага – свядома ці несвядома – можа адцягвацца на непатрэбныя рэчы. І калі хтосьці выкажацца, нібы гэта праблема таго чалавека, то прадэманструе натуральны эгаізм. Мы не павінны замінаць сабою іншым, даваць падставу для зараджэння грахоўнай рэчаіснасці.

Дык як жа належыць выбіраць убранне для паходу ў святыню? Па-першае, адзенне павінна быць чыстае. Па-другое, павінна мець ахайны выгляд. Вопратка не можа быць падзёртай ці мятай. Па-трэцяе, мусіць адпавядаць настрою святыні, дзе варта задумацца аб той святасці, на парозе якой стаім, а таму адзенне павінна быць сціплым, няяркім. Важна, каб былі прыкрыты плечы і калені, жывот і вобласць дэкальтэ. Непажадана апранацца ў адзенне з буйнымі прынтамі, лагатыпамі, надпісамі, якія адцягваюць увагу. Яшчэ горш, калі ўладальнік не ведае пра іх паходжанне і значэнне. Гэтая норма ні ў якім разе не павінна ўспрымацца як перажытак мінулага ці нешта такое, што беспадстаўна абмяжоўвае свабоду чалавека. У доказ гэтаму давайце ўзгадаем форму дзелавога стылю. У ім недапушчальны бляск, разнастайныя паеткі і стразы, таму што такі стыль характарызуецца строгасцю і стрыманасцю. Свядомы чалавек ніколі не апранецца падобным чынам на субяседаванне, так як яго можа няправільна зразумець працадаўца. З якім намерам прыйшоў суіскальнік? Навошта ён так ярка падкрэслівае свой знешні выгляд? А цяпер давайце перанясёмся ў тым жа ўбранні ў святыню. Узнікае такое ж пытанне: “Навошта?”.

Трэба памятаць аб тым, што любая вопратка мае сваё прызначэнне. Напрыклад, купальны касцюм патрэбны для плавання, спартыўны – для трэніровак. Недарэчна было б апрануць працоўную форму ў госці або зімовы пухавік летам. Калі ідзём у святыню, варта зірнуць у люстэрка і задумацца: “Для якой мэты прызначана маё ўбранне?”.

Ніякі канон не забараняе жанчыне насіць штаны. Але спадніца або сукенка мае больш урачысты характар, нагадваючы жанчыне, якім прыгожым стварэннем яе задумаў Бог. Тыповая мужчынская вопратка, якая лічыцца сімвалам добра апранутага мужчыны, – гэта касцюм, кашуля і гальштук або штаны, кашуля і туфлі. Мужчыны перад уваходам у касцёл павінны зняць капялюш.

Шмат сумненняў узнікае ў людзей летам, калі тэмпература на тэрмометры можа дыктаваць свае правілы. З аднаго боку, трэба прытрымлівацца норм этыкету, а з другога – не хочацца самлець у святыні. У такім выпадку патрэбны кампраміс. Так як плечы і калені павінны быць закрыты і ў спякотнае надвор’е, варта аддаць перавагу светлым танам у адзенні і лёгкім тканінам, якія прапускаюць паветра (бавоўна, лён). Добрым адзеннем для жанчыны будзе блузка са спадніцай ці сукенка, але такой даўжыні, каб прыкрыць калені. Пажадана не апранаць топы без рукавоў, абліпальныя і празрыстыя блузкі або сукенкі з глыбокімі выразамі. Плечы заўсёды павінны быць прыкрытыя, для гэтага можна выкарыстаць лёгкі шалік ці хусцінку. Як мужчынам, так і жанчынам недапушчальна прыходзіць у касцёл у шортах.

Пералічаныя патрабаванні служаць не для таго, каб “упісацца ў сацыяльнае асяроддзе”, як многія лічаць, але для таго, каб святая Імша стала сапраўднай сустрэчай з Панам, месцам, годным Яго прыняць, месцам святым. Як хрысціяне і католікі мы пакліканыя шукаць дасканаласці, і таму вопратка не павінна быць нагодай для адмовы ад цнотаў і ад атаясамлення з Хрыстом. Чысціня, прыстойнасць і адметнасць – гэта фундаментальныя звычкі, якія мы павінны прывіваць будучым пакаленням, асабліва ў свеце, што часта вельмі паблажлівы.

“Кожная святая Імша мае бясконцую, велізарную каштоўнасць, якую мы не можам да канца зразумець: яна радуе ўвесь нябесны двор, супакойвае бедныя душы ў чыстцы, прыцягвае на зямлю разнастайныя бласлаўленні і аддае больш хвалы Богу, чым усе цярпенні мучанікаў, пакаянні ўсіх святых, усіх слёз, якія яны пралілі ад пачатку свету, і ўсяго, што яны будуць рабіць да канца часоў” (св. Ян Марыя Віянэй).

Паводле Grodnensis.by
Сatholicnews.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by