Ушанавалі воінаў-землякоў
16 кастрычніка а 12 гадзіне ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўшанавалі памяць беларусаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны служылі ў 2 Польскім Корпусе (незалежным падраздзяленні Восьмай Брытанскай арміі) пад кіраўніцтвам генерал-лейтэнанта Уладзіслава Андэрса. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнай місіі Вялікабрытаніі, родныя салдат арміі Андэрса Ісая Лутохіна і Сямёна Ерамеева.
У прывітальным слове аташэ па справах абароны пры Пасольстве Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі падпалкоўнік Цімаці Уайт-Бойкат падзякваў за ўклад беларусаў у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, затым коратка расказаў аб ўзнагародах, якія праз некалькі хвілін Павераны ў справах Ліза Тамвуд уручыла родным салдат.
Дзяржаўныя ўзнагароды Вялікабрытаніі за ўдзел у баявых дзеяннях (“Медаль Абароны Вялікабрытаніі”, “Медаль Вайны”, медалі “Зорка 1939-1945”, “Італьянская зорка”) былі перададзены нашчадкам Ісаі Лутохіна і Сямёна Ерамеева. На жаль, самі героі не дачакаліся гэтага важнага моманту.
Пасля ўрачыстага ўручэння ўзнагарод адбылася супольная малітва за тых, хто ваяваў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адыйшоў у вечнасць.
Завяршылася сустрэча ўскладаннем кветак да мемарыяльнай дошкі ў гонар воінаў-землякоў, якія ваявалі ў складзе арміі У.Андэрса і ў іншых баявых злучэннях на Заходнім фронце.
Жанна Закрэўская
16.10.2020