Гарэць, як свечка на алтары...
У гэтым годзе спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння ксяндза інфулата Юзафа Марціноўскага, доктара тэалогіі, каноніка Капітулы Вроцлаўскай архідыяцэзіі,  дзіцячыя і юнацкія гады якога прайшлі на нашай мёрскай зямлі.

Юзаф Марціноўскі нарадзіўся 5 (18) сакавіка 1897 года ў фальварку Пераходы гміны Ёды Браслаўскага павету ў сям’і Вінцэнта і Адэлі з Чарняўскіх. Сакрамант хросту атрымаў 6 (19) сакавіка ў касцёле  вёскі Бяльмонты (зараз в.Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна).
У 1904 годзе сям’я пераехала ў вёску Гарушкі, якая размяшчалася недалёка ад Войткава.  Вучыўся ў пачатковай школе ў Наўгародах, а затым для далейшай вучобы і працы выехаў да старэйшага брата ў Пецярбург. Пасля  рэвалюцыі вярнуўся дадому, а ў 1918 годзе паступіў у духоўную семінарыю ў Вільні. У 1921 годзе біскуп Юрый Матулевіч накіраваў яго, як здольнага семінарыста, на вучобу на тэалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя.
Святарскія пасвячэнні атрымаў 6 чэрвеня 1925 года ў Вільні. Затым прадоўжыў вучобу ў Рыме, дзе скончыў Папскі інстытут і атрымаў званне ліцэнзіята ў галіне ўсходніх навук. Працаваў  ва ўніверсітэце ў Вільні выкладчыкам усходняй тэалогіі. Выконваў абавязкі натарыуса ў архідыяцэзіяльнай Курыі. Атрымаў званне доктара тэалагічных навук. Займаў пасаду прэфекта ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Яго калега па семінарыі, ксёндз Казімір Гетшыс, пісаў: “ксёндз Юзаф вылучаўся надзвычайнай любоўю да Касцёла і павагай да поглядаў іншых, карыстаўся ўсеагульным аўтарытэтам. Аказваў матэрыяльную дапамогу студэнцкай моладзі."

3 сакавіка 1942 года разам з астатнімі выкладчыкамі семінарыі быў арыштаваны нямецкімі акупантамі. Да 7 студзеня 1943 года знаходзіўся ў зняволенні ў працоўным лагеры Шалтупы на тэрыторыі Літвы. Пазней быў пераведзены ў лагер у Панявежысе, дзе знаходзіўся да 16 ліпеня 1944 года. 7 жніўня вярнуўся ў Вільню і прадоўжыў работу ў семінарыі да яе закрыцця савецкімі ўладамі 20 лютага 1945 года.

26 чэрвеня 1946 года прыехаў у Вроцлаў, дзе распачаў працу па арганізацыі дзейнасці духоўнай семінарыі. Дзякуючы вялікім намаганням, у 1947 годзе семінарыя адчыніла свае дзверы. Да 1953 года кс.Юзаф Марціноўскі быў рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Вроцлаве. Затым, пад нажымам савецкіх уладаў, быў накіраваны на працу ў г.Немча пробашчам.

У 1956 годзе біскуп Баляслаў Камінэк вярнуў яго ў Вроцлаў і прызначыў генеральным вікарыем Вроцлаўскай архідыяцэзіі. На гэтай пасадзе ксёндз Юзаф Марціноўскі знаходзіўся да канца свайго жыцця.  У 1957 годзе Папа Ян ХХІІІ назначыў яго пралатам. З 1958 года быў членам Літургічнай камісіі, а таксама старшынёй экзаменацыйнай камісіі ксяндзоў-катэхетаў сярэдніх школ.

З’яўляўся аўтарам шэрагу тэалагічных прац.

Памёр 21 чэрвеня 1980 года ў Вроцлаве.


Жанна Закрэўская, паводле матэрыялаў Курыі Вроцлаўскай архідыяцэзіі і архіва парафіі
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by