Вера ў Бога ці забабоны?
Забабоны, якія прыйшлі да нас з глыбокай старажытнасці і паходзяць ад паганскіх абрадаў, вераванняў і звычаяў, так моцна зрасліся з нашым штодзённым жыццём, што сталі для многіх звычайнай справай. Вера ў забабоны, павер’і, гараскопы і магію з’яўляецца грахом супраць першай запаведзі Божай.
У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (ККК арт.2110) сказана: забабоны — гэта скажэнне рэлігійнага пачуцця і адпаведных яму паводзін. Кампендый ККК тлумачыць, што першая запаведзь "Не май іншых Багоў, апроч Мяне" акрамя політэізму, ідалапаклонства, бязбожнасці, атэізму, агнастыцызму забараняе таксама і забабоны, якія з'яўляюцца адыходам ад належнага пакланення Богу і якія выяўляюцца таксама ў розных формах прадказанняў, магіі, чараўніцтва і спірытызму.

Згодна з даследваннямі вучоных Кембрыджа, нягледзячы на век рацыяналізму, забабоны сёння больш распаўсюджаныя, чым ў сярэднявеччы. Чаму ж мы даволі часта сустракаем людзей, у тым ліку сярод практыкуючых католікаў, якія кіруюцца забабонным спосабам мыслення? Вера ў забабоны многім людзям дапамагае абгрунтаваць і растлумачыць іх асабістыя няўдачы, дазваляе спіхнуць адказнасць са свайго нядбайства ці ляноты на чорных катоў, майскія шлюбы, пятніцы 13-га або на дрэнны расклад зорак. Паводзіны чалавека, які падпарадкоўваецца забабонам, выкліканыя ў першую чаргу бояззю перад існаваннем і ўздзеяннем варожых сілаў.

У нашым асяродку шмат тых, хто любіць пастукаць па нефарбаваным дрэве, каб не сурочыць нічога, ці тых, хто не падасць рукі праз парог. Асабліва папулярныя забабоны якія могуць прынесці шчасце або няшчасце, а найбольш важныя моманты ў жыцці чалавека: нараджэнне дзіцяці, шлюб, пахаванне — настолькі абраслі народнымі павер'ямі і забабонамі, што іх пералік можа заняць некалькі аркушаў паперы.

У дамах і кватэрах мы часта можам убачыць прадметы, якія згодна з паганскімі вераванямі павінны прыносіць шчасце і дабрабыт у дом: падковы, хатнікі (дамавікі) і іншыя абярэгі. Такім чынам, не задумваючыся над паследствамі, мы падмяняем хрысціянскія сімвалы паганскімі.  Мы забываемся пра тое, што ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана асвечанай крэйдай, зрабілі надпіс на ўваходных дзвярах дома літар С+М+В: Christus mansionem benedicat – Няхай Хрыстус благаславіць жыллё! Што яшчэ трэба?..

Крыж, а не падкова, абразы, а не хатнікі, святая вада, а не іншыя абярэгі... І так ва ўсіх сверах нашага жыцця. Калі мы веруючыя людзі, то скажам: "Хай Пан Бог цябе блаславіць" або "Хай Маці Божая табе дапаможа", а не "Ні пуху, ні пяра". Будзем насіць крыж ці медалік, а не чырвоную нітку на руцэ...

Важна вызначыць, што ў жыцці для нас, асабліва вернікаў, з’яўляецца канчатковай кропкай адліку. Гэтай асновай павінен быць толькі Бог, які кіруе лёсамі свету. Усё знаходзіцца ў Яго руках. Ён цікавіцца чалавечым жыццём і забяспечвае сваю дапамогу ў выглядзе ласкі, каб яно развівалася ў правільным кірунку.

Даволі часта, у выпадку калі мы самі стараемся ўнікаць забабонаў, на нас уздзейнічаюць іншыя людзі, якія настойліва павучаюць як "правільна" паступіць у той ці іншай сітуацыі.
Як пазбегнуць маральнага ціску забабонаў з боку іншых?

На сайце часопіса «Ave Maria»  ёсць цікавае сведчанне аб практыцы сутыкнення з маральным ціскам забабонаў. Спадарыня Ганна Сяліцкая прапануе некалькі варыянтаў вырашэння пытання (падаецца ў скарачэнні).

Першы метад варта прымяніць у тых выпадках, калі вы не можаце, не жадаеце тлумачыць сваю пазіцыю або не маеце на гэта часу і проста вымушаныя хутка даць адпор. Напрыклад, акрамя красамоўнага маўчання ў адказ на пытанне пра тое, ці завязалі вы дзіцяці чырвоную нітачку на запясце, можна адказаць: «Мы павесілі яму крыжык на сінім шнурочку на грудзі» (разумны чалавек здагадаецца, што вы супрацьпастаўляеце гэтыя дзеянні і не стане больш даймаць вас), або наіўным тонам прамовіць: «Ды не, яна не пасуе да нашай белай кашулькі» (што ў метафарычным сэнсе праўда). Можна таксама сказаць пра сектанцкі характар сімвала: «Мы ж не кабалісты».

Другі метад спрацуе толькі ў тым выпадку, калі суразмоўца не навязвае вам сваёй думкі, а проста дзеліцца назіраннямі, пры гэтым магчыма, што ён і сам шукае праўду. Менавіта ў гэтых сітуацыях разгорнутыя аргументы пра небяспеку нашэння чырвонай ніткі ўпадуць на спрыяльную глебу, бо тут вы не маеце справы з закасцянеласцю перакананняў: можна спакойна растлумачыць і паходжанне гэтага «аксесуара» з юдэйскай кабалісцкай традыцыі, і грахоўнасць яго нашэння ў кантэксце першай Божай запаведзі, і тое, што чырвоная нітка не толькі не выратуе ад уздзеяння зла, але і можа ўзмацніць яго.

Урэшце, трэці метад, самы няпросты, датычыць адносінаў з блізкімі людзьмі, бо нам самім хацелася б дапамагчы ім вырваць з душы гэтае маральнае пустазелле. У мностве выпадкаў дыскусіі ні да чога не прыводзяць. Палохаць людзей тым, што за гэта яны будуць гарэць у пекле, ці тым, што чырвоная нітка прыцягне ў іх дом бяду, — таксама дрэннае выйсце, бо справа не толькі ў самім амулеце, а ў любові да Бога, якой не навучыш праз запалохванні.

Ці не лепш звярнуць фокус увагі на сябе? Напрыклад, падзяліцца досведам сваёй любові або свайго навяртання. Калі я малюся, услухоўваючыся ў Яго слова, калі ёсць разважанні над Бібліяй, адарацыі і сакраманты, калі я дазваляю Пану дзейнічаць у маім жыцці, шукаю Яго волю, то маё жыццё і будзе падказкай для іншых. Мой асабісты прыклад адносін з Богам – гэта самая лепшая падказка.

Несумненна, дзейсных метадаў супрацьстаяння забабоннасці і паганству існуе нашмат больш. І ўніверсальны «рэцэпт» наўрад ці існуе, але з малітваю і даверам да Божай міласэрнасці ў падобных канфліктных сітуацыях часам удаецца знайсці нядрэннае выйсце.

Падсумоўваючы вышэй сказанае, хочацца яшчэ раз нагадаць, што забабоны — гэта грэх супраць першай запаведзі, а любы грэх, няважна, лёгкі ці цяжкі, – сувязь са злом. Ад цяжкіх грахоў цяжэйшыя і страшнейшыя наступствы. Мы часам занадта вузка і павярхоўна глядзім на любы грэх, кажучы: ну нічога ж не здарылася, сонца далей свеціць, зямля круціцца. Але мы не бачым свет духоўны, тое, што адбываецца там, таму будзем імкнуцца пазбягаць забабонаў у сваім жыцці і вучыцца шчыра давяраць Пану Богу.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by