WYSIWYG Web Builder
У Удзеле дзейнічае жывая батлейка
З 25 да 28 снежня ў Удзеле (Глыбоцкі дэканат) дзейнічае жывая батлейка — месца, створанае для спакойнага, па-сапраўднаму цёплага сямейнага свята. На працягу чатырох дзён з 10 раніцы да 8 вечара ўсе жадаючыя могуць акунуцца ў атмасферу, якая вяртае нас да нараджэння Езуса Хрыста.
Упершыню святочную стайню арганізаваў святы Францішак Асізскі ў 1223 г. у Грэччо (Умбрыя, цэнтральная Італія), каб наблізіць да вернікаў гісторыю Нараджэння Хрыста. Францішканскі закон падтрымаў ідэю стаенак і распаўсюдзіў гэтую традыцыю амаль па ўсёй Еўропе. З таго часу мы робім стаенкі ў касцёле і сваіх дамах.

У Удзеле, дзе працуюць айцы францішкане, на Божае Нараджэнне можна пабачыць ажно тры батлейкі. Адна з іх знаходзіцца ў святыні. Яна нагадвае вернікам аб літургічным перыядзе, які мы перажываем. Другая адмысловая батлейка зладжана ў асобным памяшканні і дзейнічае ўжо каля 20 гадоў. Яркая і дынамічная, яна апавядае не толькі пра Божае Нараджэнне, але і пра падзеі ў Люрдзе.
А вось трэцюю — жывую батлейку, у Удзеле пачалі ладзіць адносна нядаўна, аднак яна ўжо паспела набыць папулярнасць.

26 снежня ахвотныя міністранты нашай парафіі разам з дыяканам Антонам Тышко і семінарыстам Янам Каськевічам наведалі юбілейную святыню ў Удзеле і размешчаную побач батлейку з сапраўднымі жывёламі. Нягледзячы на золкае надвор'е, наведвальнікаў жывой батлейкі было шмат. Вернікі з Глыбокага, Браслава, Докшыцаў, Шуміліна, Наваполацка і іншых месцаў мелі магчымасць адчуць святочную атмасферу і наблізіцца да ўмоў нараджэння Збаўцы. Дзеці і дарослыя з цікавасцю знаёміліся з ламай, поні, вослікам, козачкамі і авечкамі. Жывёлы прыязна адносіліся да наведвальнікаў і дазвалялі дакрануцца, палашчыць і паказытаць.

На вуліцы было зладжана вогнішча, ля якога можна было не толькі пагрэцца але пасмажыць хлеб ці кілбаскі. У сялібе Беззаганнай працавала кафэ. Валанцёры прапаноўвалі гарачыя каву і гарбату, а таксама розныя прысмакі, які можна было набыць за ахвяраванні.
У памяшканні было цёпла і ўтульная, панавала спрыяльная атмасфера для адпачынку, сустрэч і размоў. На бачным месцы знаходзілася кніга водгукаў, у якой можна было напісаць пажаданні, прапановы і словы ўдзячнасці. Запісаў было шмат, бо сапраўды, айцы францішкане Яраслаў Банасяк, Вальдэмар Куява, Віктар Мялешка разам з валанцёрамі змаглі арганізаваць належныя ўмовы для пабожнага перажывання свята.

У 2019 годзе наведваючы выставу батлеек, папа Францішак падкрэсліў: "Насамрэч, батлейка — гэта „жывое Евангелле“. Яна нясе Евангелле туды, дзе жывуць людзі: у дамы, школы, вязніцы, на плошчы. У месцах нашага пражывання яны нагадваюць пра самае важнае: што Бог не застаўся нябачным на нябёсах, але прыйшоў на зямлю, стаў чалавекам. Бог заўсёды быў блізкім да свайго народу, але пасля ўцелаўлення стаў асабліва блізкім.

Майстраваць яслі — значыць святкаваць блізкасць Бога, адкрыць па-новаму, што Бог — рэальны, канкрэтны, жывы і датыкальны. Ён з’яўляецца не далёкім панам ці бесстароннім суддзёю, але пакорнай Любоўю, якая сышла да нас».

Яшчэ ёсць час, каб наведаць жывую батлейку. Заахвочваем вернікаў знайсці магчымасць наведаць Удзела і адкрыць для сябе новыя спосабы пабожнага перажывання свята Божага Нараджэння.

Жанна Закрэўская

26.12.2025

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by