У Мёрах адбыўся фестываль каляднай песні “Зорка Бэтлеема”
4 студзеня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся чарговы фестываль каляднай песні "Зорка Бэтлеема". На святочную імпрэзу сабраліся госці з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі: Віцебска, Полацка, Наваполацка, Глыбокага, Варапаева, Лучая, а таксама з Мінска. Ганаровым госцем свята стаў Яго Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Ва ўтульнай і цёплай атмасферы вядучыя імпрэзы Анастасія Бадун і Дзмітрый Анашка распачалі святочную праграму. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся біскуп Алег Буткевіч, які, падкрэсліўшы важную ролю калядных спеваў у праслаўленні Збаўцы, пажадаў удзельнікам поспехаў у выступленні.
Пасля супольнай малітвы выступленне распачалі прадстаўнікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім, якія прадставілі конкурсную праграму ў розных намінацыях. Найбольшае ўражанне на гледачоў і журы  аказаў дуэт у складзе Веранікі Вавінскай і Мацвея Шаршунса, у выкананні якога прагучала песня "Авечкі, кароўкі". Па выніках выступлення дуэт адзначаны дыпломам І ступені ва ўзроставай катэгорыі "Дзеці".
Праграму выступлення прадоўжыла Злата Ярашэвіч з парафіі св.Юды Тадэвуша з Лучая. Дзяўчына выканала тры песні на беларускай, польскай і англійскай мове. Яе моцны голас і бязмерны талент уразіў многіх. Вынік — дыплом І ступені ў намінацыі "Сола" ва ўзроставай катэгорыі "Моладзь".

Парафію св.Міхала Арханёла з Варапаева прадставілі Казаровец Ульяна і Дзевятоўскі Пётр. Дзеці спявалі сола і дуэтам.  Іх песня "Нарадзіўся збаўца", а таксама сола "Бэтлеем", у выкананні Дзевятоўскага Пятра, адзначаны дыпломам ІІ ступені.
Насычаную, цікавую і змястоўную праграму прадставіла парафія св.Францішка з Мінска. У выкананні дзяцей і моладзі прагучалі песні "Хрыстос нарадзіўся нам: прыдзіце пакланіцца", "Пад зорка Бэтлеемскай", "У рацэ ваду п'юць рыбкі", "Раство", "Нарадзіўся", "Радасць". Завяршылася выступленне народнай песняй з дыялектам беларускага Палесся "Ой, Божае нараджэння". Таленавітыя выступленні дзяцей і моладзі ў намінацыях "Гурт" і "Сола" былі адзначаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені.
Пасля невялікага перапынку праграму працягнулі артысты з парафіі св.Андрэя Баболі з Полацка. Дашкевіч Вераніка і Воднева Дар'я так увасобіліся ў вобраз анёлаў, што не дазволілі ні гледачам, ні журы сумнявацца — яны лепшыя ў намінацыі "Дуэт". Дзяўчаты адзначыліся таксама і ў намінацыі "Інструментальная творчасць", дзе заваявалі дыплом І ступені за кампазіцыю "Фантаны пад дажджом" (Дашкевіч Вераніка) і дыплом ІІ ступені за сумеснае выкананне калядкі "Новая радасць стала".
Парафія св.Антонія Падуанскага з Віцебска вырашыла не рассыпацца ў талентах, а сканцэнтраваць усе намаганні на адным выступленні, і не прагадала. Моладзевы гурт "Antonio" якасна, неардынарна, у сучасным стылі выканаў музычна-тэатрэалізаваную кампазіцыю "Сустрэнемся". Журы адзінагалосна прысудзіла ім І месца ў намінацыі "Гурт".
Інструментальнай творчасцю і цудоўным сольным выступленнем парадавала парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста з Наваполацка. Журы не засталося раўнадушным ад выступленняў Андрэйчык Таісы — дыплом І ступені ў намінацыі "Сола" і Мазынскай Кацярыны, якая заняла І месца ў намінацыі "Інструментальная творчасць".
Завяршылі конкурсную праграму гаспадары фестывалю — дзеці і моладзь нашай мёрскай парафіі. З вялікай адказнасцю да падрыхтоўкі маленькіх талентаў аднеслася іх кіраўнік Яўгенія Баговіч. Прыгожыя строі, вясёлыя спевы і якаснае выкананне твораў выклікала замілаванне ў гледачоў і журы. Пачынаючыя артысты былі адзначаны дыпломамі ІІІ ступені.
У намінацыі "Сола" вылучыўся Дзехцяронак Кірыл з кампазіцыяй "Вось колькі год". Яго выступленне адзначана дыпломам ІІ ступені.

Шамёнак Аляксандр стаў пераможцам ў намінацыі "Інструментальная творчасць" (кіраўнік Таццяна Бялевіч).
Пасля выступленняў для ўдзельнікаў быў арганізаваны абед, а для журы настаў час адказнай і напружанай працы. Сястра Ёнаша Мровец і спадарыня Тэрэса Будкевіч, пад кіраўніцтвам старшыні журы доктара тэалогіі ксяндза Сяргея Сурыновіча, дастойна справіліся з даручанай справай.
І, нарэшце, хвалюючы момант падвядзення вынікаў. 

Перад тым, як уручыць дыпломы і падарункі старшыня журы кс.Сяргей Сурыновіч адзначыў: "Фестываль "Зорка Бэтлеема" у чарговы раз паказаў, што ў кожнай парафіі ёсць таленты. І хоць у парафій маленькіх населеных пунктаў і буйных гарадоў розныя магчымасці, але мы бачым, што работа з дзецьмі і моладдзю праводзіцца паўсюль. За кожным удзельнікам конкурсу стаіць вялікая, крапатлівая і самаахвярная праца іх кіраўнікоў."
Журы адзначыла ўсіх удзельнікаў фестывалю дыпломамі, а арганізатары ўручылі каштоўныя падарункі. На завяршэнне свята біскуп Віцебскі Алег Буткевіч заўважыў: "Радуе, што ўзровень фестывалю з кожным годам узрастае і на "Зорцы Бэтлеема" пануе дух салідарнасці і ўзаемапаразумення." Напрыканцы імпрэзы іерарх выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да яе арганізацыі і правядзення.

Завяршыўся  фестываль супольным спевам "Зорка Бэтлеемска".

Жанна Закрэўская
Мёры
Віцебск
Лучай
Варапаева
Мінск
Глыбокае
Полацк
Наваполацк
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by