WYSIWYG Web Builder
У Міёрах прайшоў чарговы фестываль каляднай песні “Зорка Бэтлеема”
3 студзеня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся дыяцэзіяльны фестываль каляднай песні "Зорка Бэтлеема". Мёрская парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў чарговы раз гасцінна сабрала разам дзяцей і моладзь, каб праславіць нованароджанага Збаўцу сваім талентам.                                                                                            
У гэтым годзе ў фестывалі прынялі ўдзел канкурсанты з Віцебскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Дзеці і моладзь з Браслава, Варапаева, Глыбокага, Паставаў, Полацка і Мінска прыехалі каб падзяліцца сваімі спевамі, усмешкай і добрым настроем.

На пачатку фестывалю пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падкрэсліў, што мы збіраемся разам, каб праславіць Пана, каб паказаць адзін аднаму, што верым у Бога і радуемся Яго нараджэнню. Святар пажадаў канкурсантам поспехаў, а таксама добра правесці час, памятаючы, што фестываль — гэта не толькі спаборніцтва, але і сведчанне аб нашай веры ў Езуса Хрыста. 
Да ўдзельнікаў фестывалю звярнуўся старшыня Міёрскага раённага Савета дэпутатаў Драба Валерый Анатольевіч, які прывітаў усіх гасцей на міёрскай зямлі, павіншаваў прысутных са святам Божага Нараджэння і Новым годам, а таксама пажадаў поспехаў канкурсантам.

Вядучыя свята Васіна Аляксандра і Карандзей Арцём прадставілі членаў журы. У гэтым годзе імі сталі Падзява Аксана Айвараўна, загадчык сектара культуры Міёрскага раённага выканаўчага камітэта, — старшыня журы, і выкладчыкі Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў Пучкоўская Зінаіда Іванаўна і Блажэвіч Антоній Казіміравіч.

Конкурсную праграму адкрыла парафія Нараджэння Маці Божай з Браслава. У малодшай узроставай групе выступіў хор "Акварэль", які дзейнічае пры Браслаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Дзеці весела і мелагучна выканалі песні "А ўчора з вячора" і "Яркая звёздочка", тым самым задаўшы бадзёры тон святу і запэўніўшы журы, што яны самыя лепшыя. Вынік — дыплом І ступені ў намінацыі "Гурт" у малодшай узроставай групе.

Гурт з Браслава, які выступіў у сярэдняй узроставай групе, таксама паказаў высокі ўзровень майстэрства. Песня "Як прыбеглі пастушкі ў Бэтлеем" у іх выкананні адзначана дыпломам ІІ ступені.
Праграму фестывалю прадоўжыла Сафія Драбовіч з парафіі Святога Андрэя Баболі з Полацка, якая выканала песню "Свеціць нам зорка" і "Арыету" Бенчыні. Узровень выступлення дзяўчыны быў вельмі высокі, таму журы адзінагалосна прызначылі ёй дыпломы ІІ ступені ў намінацыі "Сола" і "Інструметнальная творчасць" у старэйшай узроставай групе.
Парафія Святога Арханёла Міхала з Варапаева прадставіла ўдзельнікаў у трох узроставых групах і ўсе яны атрымалі дыпломы. Найбольш паспяхова выступіла Казаровец Ульяна, якая чыста і вельмі прыгожа выканала песні "Неба ў маіх абдымках" і "Цар нарадзіўся нам". Яна адзначана дыпломам І ступені ў намінацыі "Сола" у старэйшай узроставай групе. Дыплом ІІ ступені ў намінацыі "Інструментальная творчасць" у сярэдняй узроставай групе атрымаў Халдзей Макар, а дуэты ў складзе Волк Арыны і Млечко Міраславы, Мацкевіч Кіры і Кузьміч Алёны адзначаны дыпломамі ІІІ ступені ў намінацыі "Гурт" у малодшай і сярэдняй узроставай групе адпаведна.
Упершыню адкрыў для сябе фестываль каляднай песні "Зорка Бэтлеема" Корабаў Давід з парафіі Святога Духа з Мінска. Пад уласны акампанімент хлопчык заспяваў песні "Новая радасць" і "Весёлое Рождество", а таксама выканаў класічныя інструментальныя творы "Менуэт" І.С.Баха і "Смелый наезднік" Р.Шумана. Гледачы і журы былі ў захапленні ад маленькай зорачкі. Вынік — два дыпломы І ступені ў намінацыі "Сола" і "Інструментальная творчасць" у малодшай узроставай групе.
Вялікую і разнастайную праграму прадставіла таксама парафія Святога Антонія Падуанскага з Паставаў. Цудоўныя касцюмы, харэаграфічныя элементы выклікалі непаўторныя ўражанні. Захапілі журы і гледачоў сваімі спевамі і пастаноўкай нумароў гурты ў складзе Вярцінскага Данілы і Дашчынскага Данііла, Шырокай Аляксандры і Прэдкаль Анастасіі, якія атрымалі дыпломы ІІ ступені ў намінацыі "Гурт" у  малодшай і старэйшай узроставай групе адпаведна. Сярод салістаў журы адзначыла дыпломам ІІІ ступені Трушыну Майю, за прыгожае выкананне песні "Ты нарадзіўся, Пане".
Парафія Святой Тройцы з Глыбокага традыцыйна падрыхтавала да фестывалю суцэльную змястоўную праграму з уласным канферансам. Канкурсанты паказалі вельмі высокі ўзровень майстрства і атрымалі дыпломы І супені за ўсе выступленні. Раманчук Дзіяна і Бука Елізавета сталі лепшымі ў намінацыі "Сола" ў сярэдняй і старэйшай узроставай групе, Рабкоўскі Аркадзій зачаравай сваёй ігрой на трубе, а гурт моладзі з песняй "Чуеш гучыць" стаў лепшым у старэйшай узроставай групе.
Завяршылі конкурсную праграму гаспадары фестывалю. Дзеці нашай парафіі выступілі ў трох узроставых катэгорыях. Парадавалі сваімі спевамі малодшыя ўдзельнікі. Дыпломам ІІ ступені адзначаны гурт за калядку "Едуць музыкі", а Бондар Вольга атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі "Сола", за выкананне песні "Zlota gwiazdka".

У сярэдняй узроставай групе дыпломам І ступені ў намінацыі "Інструментальная творчасць" адзначаны Кулеш Захар, а салісткі Падзява Дана і Кунцэвіч Анастасія атрымалі дыпломы ІІ ступені. У старэйшай узроставай групе выступіла Бунта Караліна, якая ўзнагароджана дыплом ІІІ ступені. Трэба зазначыць, што менавіта ў намінацыі "Сола" ішла найбольшая барацьба паміж конкурсантамі. Усяго было заяўлена 15 салістаў.
Фестываль каляднай песні "Зорка Бэтлеема" — гэта не толькі конкурсная праграма, але магчымасць адпачыць, далучыцца да мастацтва і наладзіць зносіны. У фае дома культуры была арганізавана выстава работ выхаванцаў Дзіцячай школы мастацтваў, а паміж выступленнямі канкурсанты і госці свята мелі магчымасць пачаставацца гарбатай з ласункамі і патанцаваць інтэграцыйныя танцы разам з сястрой Марыянай Гроць CSFFM з Варапаева. Такая форма адпачынку дазволіла дзецям і моладзі не толькі бліжэй пазнаёміцца, але і атрымаць бадзёры настрой.
Як заўсёды хвалюючым момантам стаў этап падвядзенне вынікаў. Перад уручэннем дыпломаў Аксана Айвараўна адзначыла, што канкурсанты прадэманстравалі не толькі высокі ўзровень выступленне, але таксама  вытрымку і сапраўдны прафесіяналізм. Старшыня журы пажадала творчых поспехаў канкурсантам і плённай працы іх кіраўнікам.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці біскупу Алегу Буткевічу, Курыі Віцебскай дыяцэзіі, Caritas Віцебск (дырэктар ксёндз канонік Віктар Місевіч) і выдавецкаму дому “Молпрэс” (дырэктар Іван Кобзік) за арганізацыю падарункаў для удзельнікаў фестывалю
. Святар падзякаваў сектару культуры Міёрскага раённага выканаўчага камітэта за супрацоўніцтва і дапамогу ў арганізацыі свята, Дзіцячай школе мастацтваў за наладжаную выставу работ і сястры Марыяне Гроць, за арганізацыю інтэграцыйнага адпачынку.
Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў бок канкурсантаў і тых, хто іх рыхтваў. Ксёндз Андрэй падкрэсліў вялікую ролю выкладчыкаў і кіраўнікоў парафіяльных груп у тым, што з кожным годам канкурсанты дэманструюць высокі ўзровень выступлення.

Завяршылася свята супольным спевам песні "Зорка Бэтлеемска".

Жанна Закрэўская,
03.01.2026
Выступленні ўдзельнікаў
Мёры
Браслаў
Варапаева
Паставы
Глыбокае
Полацк
Мінск
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by