Апостальства дапамогі душам чыстцовым: для каго і дзеля чаго?
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла нагадвае нам, што «тыя, хто памёр у ласцы і сяброўстве Божым, але яшчэ не ачышчаныя дасканала, хоць ім ужо забяспечана вечнае збаўленне, пасля смерці церпяць ачышчэнне, каб дасягнуць святасці і ўвайсці ў нябеснае шчасце» (пар. ККК, 1030).
Карані апостальства малітвы за памерлых

Сябры Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ) належаць да духоўнай сям’і Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым. Каля вытокаў развіцця апостальства малітвы за памерлых стаяў благаслаўлёны айцец капуцын Ганарат Казьміньскі (1820–1916). Ён нарадзіўся ў горадзе Бяла-Падляска ў Польшчы і быў выхаваны ў рэлігійным духу. У 1848 г. уступіў у Ордэн Братоў Меншых (капуцынаў). Калі царскія ўлады ліквідавалі кляштары, айцец Ганарат разам з іншымі братамі быў вывезены ў Закрочым, дзе спазнаў розныя рэпрэсіі. У гэтай надзвычай цяжкай сітуацыі ён цалкам даверыўся Божаму Провіду і настойліва шукаў спосаб дапамагчы Касцёлу ў час пераследу.

Айцец Ганарат паклаў пачатак новай форме скрытага манаскага жыцця — без габіту і знешніх адзнакаў. 10 лістапада 1889 г. у Закрочыме ўзнікла безгабітовая Кангрэгацыя сясцёр памочніцаў душам чыстцовым, галоўнай задачай якой было аказанне дапамогі памерлым. Гэтая супольнасць была заснавана Вандай Алендскай (1863–1915) па ініцыятыве а. Ганарата. Першыя сёстры кангрэгацыі на чале з маці Вандаю прысвяцілі сябе служэнню хворым і бедным, а звязаныя з гэтым клопаты і цяжкасці ахвяравалі за памерлых, якія церпяць у чыстцы.
Кангрэгацыя сясцёр памочніцаў душам чыстцовым апякуецца таксама рухам АДДЧ, што ўзнік у 1985 г. як адказ на шматлікія просьбы, скіраваныя да сясцёр кангрэгацыі свецкімі людзьмі, якія таксама сваёю малітваю жадалі несці палёгку душам па­мерлых.

Пішучы пра харызму дапамогі душам чыстцовым, бл. Ганарат Казьміньскі згадаў фрагмент з Евангелля паводле св. Яна пра паралізаванага чалавека, які больш за 30 гадоў чакаў кагосьці, хто дапамог бы яму акунуцца ў гаючыя воды купальні (пар. Ян 5, 1–9). Калі Езус схіліўся над ім, Ён пачуў такую скаргу: «Пане, я не маю чалавека...». Ён пачуў скаргу хворага і нямоглага мужчыны, які зусім не мог нічога зрабіць для самога сябе. Для сясцёр памочніцаў душам чыстцовым і для сяброў АДДЧ гэты паралізаваны — сімвал усіх памерлых, якія церпяць у чыстцы і чакаюць ачы­шчальнага акунання ў крыніцу Божай міласэрнасці, да якой іх могуць наблізіць ма­літвы, ахвяры і ўчынкі мі­ласэрнасці жывых людзей.

Хто можа належаць да руху АДДЧ?

Да руху АДДЧ можа належаць кожны практыкуючы католік (незалежна ад становішча і ўзросту), які прагне несці дапамогу душам чыстцовым. Шматтысячны апостальскі рух утвараюць пераважна свецкія асобы, але сярод сяброў АДДЧ ёсць таксама святары, клерыкі, кансэкраваныя асобы з розных іншых супольнасцяў. Гэтая разнароднасць абумоўлена тым, што рэальнасць смерці датычыць кожнага чалавека.

Што дае далучэнне да АДДЧ?

Перш за ўсё гэта дазваляе адкрыцца на духоўнае дабро, звязанае з харызмаю дапамогі памерлым, — на ўдзяч­насць ад Бога, Найсвяцейшай Панны Марыі, удзячнасць ад сясцёр кангрэгацыі і ад саміх душаў чыстцовых.

Далучэнне да АДДЧ дапамагае нам таксама ўсвядоміць, што місія дапамогі памерлым датычыць жыцця кожнага чалавека. Кожны з нас калісьці пройдзе праз браму смерці, а перад гэтым, магчыма, перажыве адыход сваіх блізкіх з гэтай зямлі. Вельмі верагодна, што наш і іх шлях да неба будзе пралягаць праз чысцец. Жыццё­васць харызмы дапамогі памерлым, якія церпяць у чыстцы, да­зваляе спадзявацца, што ніхто з нас не будзе вымушаны скардзіцца Пану Езусу на адсутнасць чалавека, які дапамог бы яму акунуцца ў крыніцу міласэрнай любові Айца. Малітоўная дапамога, несумненна, будзе сыходзіць ад кангрэгацыі сясцёр, ад сяброў апостальства, а таксама ўсіх тых, хто дасягнуў неба дзякуючы нашаму ўдзе­лу ў апостальстве дапамогі душам чыстцовым.
Як можна далучыцца да АДДЧ?

Душпастырам АДДЧ у Віцебскай дыяцэзіі з'яўляецца кс. Славамір Самковіч, а дзейнасцю групы АДДЧ у нашай парафіі кіруе спадарыня Марыя Макарэвіч, якая таксама адказвае за далучэнне новых кандыдатаў.

Тыя, хто вырашыў стаць сябрам АДДЧ, запаўняюць і асабіста падпісваюць т. зв. «Анкету ўдзельніка». Пацвярджэннем аб прыняцці ў АДДЧ з’яўляецца «Пасведчанне» з «Актам штодзённага ахвяравання за памерлых», якое атрымлівае кожны ўдзельнік ад аніматара (кіраўніка групы ў парафіі).

Якія абавязкі сяброў АДДЧ?

У Дакументах Другога Ватыканскага Сабору згадваецца пра тое, што «ўсе хрысціяне любога стану і прафесіі пакліканы да паўнаты хрысціянскага жыцця і дасканалай любові» (LG 40), г. зн. да святасці. Памятаючы пра гэта, сябры АДДЧ павінны карыстацца дапамогаю, якую ахвяруе Касцёл:

рэгулярна прыступаць да святых сакрамэнтаў, асабліва да сакраманту споведзі і Эўхарыстыі;

маліцца за душы чыстцовыя, ахвяроўваць за іх працу, цяжкасці, радасці і цярпенні.

Па ініцыятыве ўдзельнікаў АДДЧ у нашай парафіі кожны першы панядзелак месяца а 18-ай гадзіне цэлебруецца святая Імша за душы, якія церпяць у чыстцы. Акрамя гэтага для сяброў АДДЧ арганізуюцца малітоўныя сустрэчы парафіяльнага і дыяцэзіяльнага ўзроўню.

Больш інфармацыі пра Апостальства дапамогі душам чыстцовым можна знайсці на сайце Апостальства дапамогі душам чыстцовым у Беларусі.

Паводле Grodnensis.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by