Крыжовы шлях Збаўцы нашага Езуса Хрыста
Адмысловым набажэнствам, якое традыцыйна адбываецца падчас Вялікага посту, з'яўляецца Крыжовы шлях. Мэта набажэнства: ажыўленне веры і апостальства, фармаванне паставы хрысціянскага пакаяння, ахвярнасці і ўдзячнасці. Гэтае набажэнства – своеасаблівая рэвізія жыцця, пашыраны рахунах сумлення.
Гісторыя набажэнства Крыжовага шляху сягае да першых пакаленняў хрысціянаў, якія з глыбокай пабожнасцю ўшаноўвалі падзеі і месцы, звязаныя з жыццём, мукай, смерцю і ўваскрасеннем Хрыста. Першы пісьмовы ўспамін аб правядзенні «балеснага шляху» знойдзены ў 1228 г., хоць вядома, што працэсіі, прысвечаныя муцы Хрыста, праводзіліся ўжо ў VIII ст. Але толькі ў канцы XVIII ст. канчаткова была ўстаноўлена колькасць стацый і іх чарговасць. Назва Пакутная дарога (лац. Via Dolorosa), або Крыжовы шлях (Крыжовая дарога) была ўведзена ў 1458г. 

Набажэнства Крыжовага шляху – гэта своеасаблівая медытацыя Мукі Хрыста, спалучаная з сімвалічным шляхам унутры святыні або на вуліцы. Гэты шлях вызначаюць 14 сумных падзеяў (калі Езус нёс крыж з месца асуджэння ад прэторыі Пілата да месца ўкрыжавання на Галгоце), якія называюць стацыямі. За пабожны ўдзел у набажэнствах Крыжовага шляху, пры выкананні агульных умоў (быць у стане асвячальнай ласкі, прыняць Святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца), кожны вернік можа атрымаць адпуст. Але пры ўмове, што ўдзельнічае ў ім там, дзе закладзена Крыжовая дарога са стацыямі (касцёл, Кальварыя і г.д.). Падчас Крыжовага шляху важна не толькі чытаць прыпынкі мукі Пана Езуса, але і разважаць над імі. Варта таксама пераходзіць ад прыпынку да прыпынку, калі ёсць магчымасць, а не стаяць на месцы.

У нашай парафіі Крыжовы шлях у гэтым годзе адбываецца кожную пятніцу, суботу і нядзелю. А 18-ай гадзіне ў пятніцу на набажэнства збіраюцца пераважна людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту, а ў якасці разважанняў выкарыстоваюцца старадаўнія спевы. У нядзелю ў 9.30 адбываецца Крыжовая дарога з удзелам дзяцей. Дзеці, пераходзячы ад стацыі да стацыі, разам спяваюць, моляцца, чытаюць тэксты разважанняў.
У гэтым годзе, па ініцыятыве ксяндза-вікарыя Алега Зямчонка, кожную суботу Вяліка посту а 15-ай гадзіне праводзіцца Крыжовы шлях для міністрантаў і моладзі. Тэма разважанняў — удзел у святой Імшы. На набажэнства маладыя людзі прыносяць маленькія папяровыя сэрцы, на якіх запісваюць свае прозвішчы, а потым мацуюць іх да крыжа. Сэнс гэтага жэсту — малітва ў інтэцыі сваёй сям'і. Каб лепш зразумець разважанні і глыбей перажыць Крыжовы шлях, кожны яго ўдзельнік трымае ў руках запаленую свечку, як сімвал Хрыста.
Яшчэ адна цікавая ініцыятва з'явілася ў нашай парафіянкі Святланы Пальчэх, якая прапанавала сваім сябрам і знаёмым падрыхтаваць уласныя разважанні да стацый Крыжовага шляху і размясціць іх відэазапісы на старонцы kostel_miory у Інстаграм (для прагляду патрэбна рэгістрацыя ў сетцы). Моладзь з інтарэсам падхапіла ідэю і ўключылася ў праект. Кожны тыдзень плануецца размяшчаць па 2 разважанні і, такім чынам, за час Вялікага посту будуць ахоплены ўсе стацыі Крыжовага шляху. Першае разважанне ўжо ёсць, наступнае чакаем ужо заўтра.

Нягледзячы на ўмоўнае ўзроставае размежаванне, кожны вернік можа прыняць ўдзел у любым з набажэнстваў Крыжовага шляху, якія адпраўляюцца ў нашай парафіі. Галоўнае мець прагненне далучыцца да Мукі Пана праз супольную малітву.


Жанна Закрэўская, тэкст, фота
Рубанік Караліна, Пугаўка Анастасія, фота

18.02.2024

Раім пачытаць

Паглыбляцца ў сэнс смерці Хрыста
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by