WYSIWYG Web Builder
Надзвычайны Юбілейны год
Каталіцкі Касцёл пачаў традыцыю Святога года з пантыфікатам Баніфацыя VIII у 1300 г., які прапанаваў святкаванне Юбілейнага года кожныя 100 гадоў. З 1475 г., каб даць магчымасць кожнаму пакаленню перажыць Юбілей, гэты час быў скарочаны да 25 гадоў. З асаблівай і важнай нагоды можа абвяшчацца Надзвычайны Юбілей.
Юбілейны год (Annus Jubilaeus), ці інакш: Святы год (Annus Sanctus) – гэта магчымасць, якую дае вернікам Касцёл для ўмацавання веры. Юбілейны год заўсёды ўспрымаўся як час для прымірэння з Панам Богам, вяртання да Бога – Крыніцы жыцця і любові; час узаемнага прабачэння і аднаўлення любові ў Хрысце; час ачышчэння душы і духоўнага адраджэння. 

Каб даць магчымасць вернікам скарыстацца ласкамі Юбілею, з нагоды той ці іншай гадавіны Адкуплення чалавецтва, адметнымі падзеямі ў жыцці Касцёла, па просьбе вернікаў або ў знак удзячнасці за атрыманыя ласкі, Касцёл абвяшчае пазачарговыя Надзвычайныя Юбілеі.

Юбілейны Год заўсёды абвяшчае Папа. З гэтай нагоды выдаецца була, у якой распавядаецца пра ўмовы яго правядзення і духоўныя плёны гэтага Юбілею. Надзвычайнымі Святымі гадамі ў мінулым стагоддзі сталі 1933 год, абвешчаны Піем XI з нагоды 1900-годдзя Адкуплення, і 1983 год, абвешчаны св. Янам Паўлам ІІ у 1950-ю гадавіну Адкуплення.
Апошні Надзвычайны Юбілейны год – год Міласэрнасці, быў абвешчаны Папам Францішкам 13 сакавіка 2015 г.. Ён пачаўся адкрыццём Святых Дзвярэй у базыліцы св. Пятра ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня, і завяршыўся 20 лістапада 2016 г., ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

У адказ на папскую булу, а таксама ў клопаце аб духоўным дабры ўсіх вернікаў Віцебскай дыяцэзіі, былі вызначаны мясцовыя касцёлы, дзе можна было атрымаць адпуст. Імі сталі катэдральны касцёл парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску і касцёл парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе (дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў), дзе былі адчынены Брамы Міласэрнасці.
Такім чынам Святы год становіцца магчымасцю паглыблення веры і новага ўключэння ў жыццё праз асабістае хрысціянскае сведчанне.

Юбілей пачынаецца адкрыццём Святых Дзвярэй, што сімвалічна ілюструе адкрыццё для ўсіх вернікаў гэтага асаблівага праходу ў напрамку збаўлення.

Жанна Закрэўская, пераклад у скарачэнні паводле Klimentonline.ru

22.03.2025

Працяг будзе
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by