Пілігрымка... Ісці нельга застацца!
У гэтым годзе аднаўляецца пілігрымковы рух, які быў спынены падчас пандэміі каранавіруса. Пілігрымка "Мёры-Будслаў" плануецца з 28 чэрвеня па 2 ліпеня. Пілігрымы пераадолеюць каля 125 км за чатыры дні, каб дасягнуць нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе. Што такое пілігрымка і ці варта ў яе ісці?
Найбольш трапны адказ на пытанне: "Што ж такое пілігрымка?", мне здаецца, дае кардынал Краеўскі: "Пілігрымка гэта дарога ў адпаведным накірунку, час на роздум і разважанне над тым, чым для мяне з'яўляецца Касцёл, якое месца я займаю ў гэтай супольнасці. Пілігрымка гэта вызнанне маёй веры, і гэта самае важнае."

Перш чым вырашыць, ісці або не ісці ў пілігрымку, неабходна вызначыцца
навошта? Пілігрымка гэта не паход і не забава, а вельмі сур'ёзная рэлігійная справа. Трэба быць гатовым да выпрабаванняў, да адказу ад пэўных выгод, да строгай дысцыпліны, да магчымых непрадбачлівых сітуацый. Дзеля чаго я хачу ахвяраваць свой час і свае сілы? У кожнага можа быць свой адказ: каб падзякаваць Пану Богу за ласкі, якія ён спасылае, каб памаліцца за сябе або сваіх блізкіх, каб разабрацца ў сабе і атрымаць духоўную падтрымку і г.д.  Мэта (інтэнцыя) можа быць рознай, але яна абавязкова павінна быць, бо толькі тады выпрабаванні не будуць марнымі, а прынясуць багаты духоўны плён.
Што ўзяць у пілігрымку?

Малітоўнік і ружанец
гэта асноўныя атрыбуты пілігрыма, бо пілігрымка гэта найперш малітва.

Трэба падрыхтаваць адпаведнае адзенне і абутак. Варта ўлічваць, што надвор'е можа быць розным, таму абавякова неабходна ўзяць цёплыя рэчы. Як апранацца? Наша адзенне павінна быць зручным і сціплым. Не варта апранаць адкрытыя майкі і шорты, па-першае не да месца, а па-другое, знаходзячыся цэлы дзень у дарозе на сонцы, можна атрымаць апёкі. Абавязкова трэба ўзяць галаўны ўбор. Абутак можа быць любы, галоўнае зручны, каб не з'явіліся мазалі падчас дарогі. Паклапаціцеся таксама пра зменны, на выпадак дажджу і непрадбачлівых сітуацый.

З сабой лепш ўзяць дажджавік, а не парасон, бо ён лёгкі, займае мала месца, можа быць карысным у халоднае ветранае надвор'е.

Як і ў любое падарожжа, у пілігрымку неабодна ўзяць сродкі асабістай гігіены і лекі, асабліва тым, хто мае хранічныя захворванні.

Практыка паказвае, што з сабой лепш узяць свой пластыкавы або металічны посуд (кубак, глыбокая талерка і лыжка). Дамоўленасць на забеспячэнне абедаў для пілігрымаў "Мёры-Будслаў" ёсць, аднак часам бывае больш зручна скарыстацца ўласным посудам.

Што класці ў заплечнік штодня? Большасць з узгаданага вышэй, а таксама бутэльку з чыстай вадой, яна лепш наталяе смагу, чым салодкія напоі. Перакус, на ўсялякі выпадак, (сухое пячэнне, арэхі, садавіну, бутэрброды і інш.) з улікам надвор'я, каб не сапсавалася. Іншыя неабходныя рэчы, але памятайце, што вам іх трэба несці ўвесь шлях.
Як паводзіць сябе ў пілігрымцы?

Пілігрымка
гэта супольнасць, адна сям'я, таму выкананне патрабаванняў кіраўніка пілігрымкі абавязкова для кожнага, без нараканняў. У дарозе ёсць час на малітву, на рэлігійныя спевы, на адпачынак. Імкнёмся рабіць усё разам. Стараемся заўважаць патрэбы тых, хто з намі побач: можа неабходна дапамагчы паднесці заплечнік,  аказаць медыцынскую дапамогу і г.д.  Не трэба думаць, хто гэта толькі іх праблемы: не мае сілы, не разлічыў не варта было ісці ў пілігрымку... Калі ты так думаеш, можа не варта было ісці ў пілігрымку табе... Кожны чалавек унікальны і непаўторны, ён мае сваё здароўе, свае сілы і меркаванні. Кожны можа памыліцца, не разлічыць або трапіць у непрадбачлівую сітуацыю. Таму найлепшае выйсце падтрымаць і дапамгчы. Нагадваем, што дзеці да 14 гадоў павінны мець апекуна.

Пілігрымаў у дарозе сустракаюць вернікі, частуюць і забіраюць на начлег. Не забываем быць удзячнымі тым, хто праяўляе свой клопат пра нас, нават калі нам нешта не да спадобы. Памятаем, што нам ніхто нічога не павінен. Пакідаем чысціню і парадак у тых месца, дзе бываем.
У пілігрымцы ёсць пэўныя традыцыі. Падчас шляху кожны пілігрым павінен пранесці крыж ці харугву, не забываемся пра гэта. Важна таксама змяняць тых, што нясе крыж і харугву, асабліва ў ветранае надвор'е, калі іх несці цяжэй.

Пілігрым штодня прымае ўдзел у святой Імшы, каб гэты ўдзел быў плённым, не забываем пра сакрамант споведзі.
Як бачым, пілігрымка патрабуе ад чалавека высілкаў, але маючы пэўны вопыт у гэтай справе, магу сказаць: што ўсе выпрабаванні гэта нішто, у параўнанні з духоўным плёнам. У сеціве сустрэла такое выказванне пра пілігрымку: "Асцярожна! Выклікае залежнасць!" гэта сапраўды так. Ведаю шмат людзей з нашай парафіі, для якіх пілігрымка стала залежнасцю. Гэтыя людзі імкнуцца падгадаць свой адпачынак пад пілігрымку, а вярнушыя з яе чакаюць наступнай.

Пілігрымка... Ісці нельга застацца! Хай кожны, хто мае магчымасць пайсці ў пілігрымку, сам паставіць коску ў адпаведным месцы.

Жанна Закрэўская, тэкст, фота
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by