WYSIWYG Web Builder
Урачыстасці ў Росіцы
31 ліпеня і 1 жніўня ў Росіцы прайшлі ўрачыстасці на ўшанаванне бласлаўлёных айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.  У чарговы раз вернікі з розных куточкаў Беларусі сабраліся разам, каб праз прыклад самаахвярнага служэнне росіцкіх пакутнікаў і іх нябеснае заступніцтва, паглыбіць сваю веру і ўзмацніцца духоўна.
Урачыстасці распачаліся святой Імшой для пілігрымаў. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў Эўхарыстыю, у прывітальным слове адзначыў: "Чарговы раз пілігрымковым шляхам збіраемся ў гэтым асаблівым месцы, якое стала сведкам вернасці свайму пакліканню, а таксама ўзорам вытрываласці ў веры. Месца, якое дае нам не толькі прыклад, але ўмацоўвае праз малітву бласлаўлёных мучанікаў Юрыя і Антонія, праз малітву тых, для каго яно стала брамай у неба. Прагнем у чарговы раз углядацца ў гэты прыклад і чэрпаць сілы для нашай веры, каб крочыць па жыцці шукаючы і адкрываючы для сябе браму ў нябеснае валадарства."

Іерарх шчыра прывітаў усіх прысутных і выказаў словы ўдзячнасць айцам марыянам, найперш кусташу санктуарыя айцу Аляксандру Жарнасеку МІС, за падрыхтоўку і правядзенне ўрачыстасцяў на ўшанаванне росіцкіх мучанікаў, а таксама за арганізацыю пешых пілігрымак з Друі і Полацка. Біскуп Алег заўважыў, што дакладна ў гэты час, а 18-ай гадзіне ў Навагрудку распачалася святая Імша на ўшанаванне мучаніц сясцёр-назарэтанак. "Наша малітва — гэта супольнае праслаўленне і падзяка Пану Богу за шматлікія прыклады вернасці і адвагі вызнавання сваёй веры" — выказаў упэўненасць біскуп Алег.
Росіцкая парафія невялікая, таму менавіта пілігрымы складаюць пераважную большасць сярод удзельнікаў урачыстасцяў. Хтосьці, адкрыўшы для сябе крыніцу Божай любові ў Росіцы, прыязджае сюды штогод, а хтосьці адкрывае яе ўпершыню. У кожнага свой духоўны шлях.

Уласным досведам дзеяння Божага провіду праз росіцкіх пакутнікаў айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча падзяліўся падчас гаміліі кіраўнік Беларускага вікарыяту Бласлаўлёных мучанікаў з Росіцы ксёндз Вадзім Мізер МІС. Святар заўважыў, што Росіца — гэта цуд у вачах Бога, хоць для нас яно месца трагедыі. Цуд  у жыцці айца Вадзіма здарыўся ў гэтым месцы дваццаць шэсць гадоў назад, калі ён, будучы яшчэ юнаком, упершыню трапіў у Росіцу разам з іншымі пілігрымамі. Менавіта тут, калі ўпершыню пачуў гісторыю пра росіцкую трагедыю і айцоў марыянаў, у сэрцы ўзнікла прагненне стаць падобным да іх.

Завяршаючы гамілію прамоўца падкрэсліў: "Кожны цуд Божы мае асабісты характар і важны толькі для нас. Калі ты выйдзеш адсюль з тым, што сталася ў тваім сэрцы, павер — гэта не будзе важна для іншых, але гэта будзе твой цуд. Твой цуд, які будзе трымаць цябе у Хрысце. Ты будзеш бачыць сэнс свайго жыцця. Забяры свой цуд з Росіцы, гэты бласлаўлёны час, бо тут Бог з намі не жартуе."
Пасля Эўхарыстыі на цвінтары касцёла адбылася сустрэча пілігрымаў, падчас якой яны падсумавалі вынікі пілігрымкі "Друя-Росіца" і падзяліліся ўласнымі сведчаннямі. Хтосьці планаваў час пілігрымкі загадзя, бо стараецца хадзіць рэгулярна, а хтосьці трапіў "выпадкова", аднак сведчанні маладых людзей толькі падцвердзілі рэчаіснасць, што гэта не выпадковасць, а Божы провід.

Пілігрымы выказалі словы ўдзячнасці арганізатарам і духоўным апекунам пілігрымкі айцам марыянам Вадзіму Мізеру, Канстанціну Анашку, Яўгену Мельніку. Вернікі з Калінінграда падзякавалі сястры Аўгустыне ОР, айцам марыянам і ўсім пілігрымам за перажыты духоўны вопыт. Удзел у пілігрымцы стаў для іх нечаканым, аднак дазволіў лепш пазнаёміцца з жыццём касцёла на Беларусі.  
Пасля вячэры і невялікага адпачынку малітоўную праграму прадоўжыў акафіст да росіцкіх мучанікаў, які ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек.

Канферэнцыю і адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту з малітвай праслаўлення правёў пробашч росіцкай парафіі айцец Аляксандр Жарнасек МІС. У гэты час ахвотныя маглі скарыстацца сакрамантам споведзі.
Апоўначы распачалася галоўная святая Імша з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча і Апостальскага адміністратара грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека МІС.

У гаміліі ардынарый Віцебскай дыяцэзіі адзначыў, што кожная сустрэча ў Росіцы накіроўвае нашы думкі да таго трагічнага моманту, калі такая вялікая колькасць нявінных людзей гвалтоўна страціла жыццё. Вельмі часта ў нашым грамадстве паўстае пытанне: чаму трагічныя моманты здараюцца ў жыцці чалавецтва? "Адказ вельмі просты: непрыняцце альбо памылкова разуменне той праўды, якую прынёс у свет Езус Хрыстус" — падкрэсліў іерарх.

Спасылаючыся на энцыкліку папы Льва ХIV  "Magnifica humanitas", біскуп Алег звярнуў увагу на два біблійныя вобразы: будаўніцтва Вавілона і аднаўленне Іерусаліма. Прамоўца заўважыў, што гэтыя вобразы паказваюць нам два шляхі будаўніцтва адносін у розных сферах жыцця, аднак мы павінны будаваць сваё жыццё так, як нас вучыць Езус Хрыстус, так, як нам паказалі бласлаўлёныя айцы марыяне Юрый і Антоній.
Пасля Эўхарыстыі адбылася начная працэсія на месца трагедыі. З запаленымі паходнямі і свечкамі ў руках вернікі ішлі дарогай пакутніцкага шляху, узносячы свае малітвы да ўсіх святых, просячы іх аб заступніцтве.

На месцы мучаніцтва адбылося набажэнства на ўшанаванне росіцкіх пакутнікаў. Словы літаніі да бласлаўлёнага Антонія Ляшчэвіча і бласлаўлёнага Юрыя Кашыры ўзляталі ў неба, якое раз пораз асвятляла святло бліскавіцы.

Звяртаючыся да прысутных, біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што пакідаючы гэтае месца мы павінны памятаць пра наш абавязак захавання святла, якое было запалена падчас нашага хросту ў знак нашай прыналежнасці да Хрыста. Святло, якое айцы Юрый і Антоній захавалі не толькі ў сваіх сэрцах, але таксама прагнулі распаліць яго ў сэрцах вернікаў у апошнія хвіліны іх жыцця здзяйсняючы сакраманты споведзі і Эўхарыстыі.

Кульмінацыяй супольнай малітвы стала ўшанаванне Крыжа.
Зваротны шлях да святыні адзначыўся ліўневым дажджом, аднак прамокшыя наскрозь пілігрымы, увайшоўшы ў  храм, толькі ўсміхаліся адзін аднаму. Часовыя невыгоды не змаглі зменшыць радасць ад Божай прысутнасці, ад магчымасці быць і маліцца разам у гэтым святым месцы.

Жанна Закрэўская

01.08.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by