Што такое душпастырскае наведванне сем’яў, або «каляда»?
Пасля Божага Нараджэння пачынаецца час душпастырскага наведвання святарамі сваіх парафіянаў па месцах іх жыхарства. Такое наведванне яшчэ называюць «калядою», паколькі яно нагадвае даўнейшае калядаванне, калі ў перыяд Божага Нараджэння дамы вернікаў наведвалі групы людзей з малітваю і спевамі.
Навошта душпастырскае наведванне?

У Кодэксе кананічнага права змешчана такая норма: «Для таго, каб старанна выконваць абавязак пастыра, пробашч павінен імкнуцца пазнаёміцца з вернікамі, даручанымі яго апецы; таму ён павінен наведваць сем’і, удзельнічаць у клопатах вернікаў, асабліва ў іх смутках і турботах, умацоўваць іх у Пану, а таксама, калі яны маюць недахопы, разважліва іх папраўляць» (ККП 529 § 1).

Хоць месцаў выканання душпастырскай паслугі святарамі шмат, напрыклад, касцёл, шпіталь, могілкі, асаблівым месцам сустрэчы з’яўляюцца дамы вернікаў. Гэтая сустрэча, якая адбываецца раз на год, мае вельмі асабісты характар, паколькі святар выступае тут не толькі як служыцель сакрамэнтаў або службовая асоба, якая адказвае за касцёльнае кіраванне, але перш за ўсё ён сустракаецца з вернікамі як іх уласны пастыр.

У нефармальнай атмасферы дому можна, напрыклад, задаць далікатныя пытанні, якія хвалююць верніка. Для святара гэта добрая магчымасць глыбей пазнаёміцца з парафіянамі і даведацца чым яны жывуць. «Каляда» спрыяе таму, каб вернікі не былі ананімным натоўпам, які ходзіць у касцёл. Пробашчы парафій наведваюць дамы вернікаў асабіста, часам карыстаючыся пры гэтым дапамогай іншых святароў.

Калі адбываецца «каляда»?

Практыка душпастырскіх візітаў вядомая з Сярэднявечча, хоць з цягам часу змяняліся яе формы і акцэнты. На нашых тэрыторыях звычайна душпастырскія наведванні распачынаюцца ў перыяд Божага Нараджэння. У розных парафіях могуць быць вызначаны розныя тэрміны і выкарыстоўвацца розныя метады арганізацыі візітаў духавенства.

У нашай парафіі традыцыйна душпастырскія адведзіны праводзяцца толькі па папярэднім запісе, які праводзіцца ў сакрыстыі. У адпаведнасці з запісанымі адрасамі святары вызначаюць дзень і час наведвання пэўнай вуліцы або вёскі. Парадак наведвання на працягу тыдня можна знайсці на нашым сайце або на дошцы аб'яў у святыні. Калі па ўважлівых прычынах няма магчымасці прыняць святара ў вызначаны час, неабходна загадзя аб гэтым паведаміць.

Што неабходна падрыхтаваць?

Перад прыходам святара ў адным з памяшканняў дома неабходна падрыхтаваць стол, накрыты белым абрусам, крыж і дзве або адну запаленую свечку, посуд з асвячонай вадой. Калі ёсць такая магчымасць, то можна падрыхтаваць крапіла, якім святар акропіць дом і яго жыхароў. Калі асвячонай вады няма, можна падрыхтаваць посуд са звычайнай вадой і папрасіць святара аб яе благаслаўленні.

Тэлевізар і іншыя электронныя прылады павінны быць выключаны.

Вельмі пажадана, каб у момант прыходу святара дома былі ўсе члены сям’і.

Асобы, якія не хочуць маліцца або няверуючыя, могуць проста прысутнічаць падчас душпастырскага візіту.

Як праходзіць каляда?

У кватэры ці доме святар і ўсе дамачадцы разам моляцца, просячы Божага благаслаўлення. Напрыканцы святар благаслаўляе жыхароў дома ці кватэры і акрапляе асвячонай вадой іх саміх, а таксама іх жыллё. Можна папрасіць аб благаслаўленні рэлігійных рэчаў (абразоў, крыжоў, малітоўнікаў і інш.), калі яны не былі благасалаўлёныя раней. Пасля малітвы прадугледжаны час для душпастырскай размовы.

З нагоды душпастырскага візіту прынята перадаваць святару дабравольныя ахвяраванні ў адвольным памеры на патрэбы Касцёла. “Працэдура” ўсоўвання грошай у кішэню ці сумку святара не заўсёды прыемная. Таму трэба загадзя ўкласці ахвяраванне ў чысты канверт і ў канцы душпастырскага візіту падаць яго ксяндзу са словамі, што гэта ахвяраванне на касцёл. Варта складваць ахвяраванне ад сэрца, памятаючы, што радаснага даўцу любіць Бог.

Ксёндз Кірыл Бардонаў, Catholic.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by