WYSIWYG Web Builder
У Валкалаце прайшла сустрэча груп Апостальства дапамогі душам чысцовым
24 кастрычніка ў Валкалаце адбылося пятае агульнадыяцэзіяльнае спатканне груп Апостальства дапамогі душам чысцовым, якія існуюць у парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Ганаровым госцем сустрэчы стаў біскуп Алег Буткевіч, які ўзначаліў супольную Эўхарыстыю.
Апостальства дапамогі душам чыстцовым у Віцебскай дыяцэзіі распачало сваю дзейнасць у верасні 2016 года.  Па ініцыятыве душпастыра груп Апостальства ксяндза Славаміра Самковіча ў кастрычніку 2022 года ў Браславе адбылося першае спатканне яго ўдзельнікаў. З таго часу, напярэдадні актавы Усіх Святых, такія сустрэчы адбываюцца штогод.

Пятае юбілейнае спатканне Апостальства мела шэраг адметных рыс. Сёлета на яго прыехала больш за 150 чальцоў з дванаццаці парафій і стала самым шматлікім з усіх папярэдніх. Месцам правядзення сустрэчы стаў касцёл св.Яна Хрысціцеля ў Валкалаце, дзе размяшчаецца абраз Маці Божай, Апякункі душаў чысцовым, перад якім вернікі склалі свае малітоўныя просьбы.
Праграма сёлетняга спаткання таксама набыла новыя рысы. Вернікі мелі магчымасць задаць святарам хвалюючыя іх пытанні і атрымаць разгорнутыя адказы.

"Ці дазваляецца крэмацыя ў касцёле? Як пісаць выпамінкі? Ці можна маліцца сваімі словамі за памерлых? Чаму існуе розная традыцыя малітвы за памерлых у католікаў на 30-ы, а ў праваслаўных на 40-ы дзень?" — вось асноўныя тэмы, якія былі ўзнятыя падчас дыялогу.

Сустрэчу працягнула супольнай малітва Апостальства і ружанцовае набажэнства перад Найсвяцейшым Сакрамантам, падчас якога ахвотныя мелі магчымасць прыступіць да сакраманту пакаяння.
Наступным этапам стала канферэнцыя, якую правёў вікарый Глыбоцкай парафіі ксёндз Андрэй Януль. Святар спыніўся на праблеме існавання ў асобных вернікаў памылковага разумення чысца, як кары Божай над грэшным чалавекам. Абапіраючыся на навучанне Касцёла пра чысцец і жыццё пасля смерці, прамоўца падкрэсліў, што чысцец — гэта праява бязмежнай любові Бога да чалавека на яго дарозе да вечнага жыцця.

У чысцы няма месца і часу — гэта стан чалавечай душы, які незразумелы для нас, але неабходны для ачышчэння. Найвялікшая пакута душаў у чысцы — туга па Богу. Найглыбейшы сэнс чысцовых пакут — гэта любоў да Бога, глыбокае жаданне быць з Ім ва ўсёй паўнаце.

Завяршаючы канферэнцыю, ксёндз Андрэй падкрэсліў важнасць малітвы за душы чысцовыя і заахвоціў даверыць іх заступніцтву Маці Божай.
Кульмінацыцяй сустрэчы стала Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Падчас гаміліі іерарх нагадаў пра асноўныя сродкі дапамогі душам, якія церпяць у чысцы: малітву, міласціну, добрыя ўчынкі, ахвяраванне святой Імшы за памерлых.

Біскуп падкрэсліў важнасць служэння членаў Апостальства дапомогі душам чысцовым сваёй малітвай і пабожным жыццём адзінству Касцёла пілігрымуючага і Касцёла пакутуючага. Ардынарый падзякаваў чальцам малітоўнай супольнасці за іх духоўную практыку і заахвоціў надалей ахвяроўваць цярпенні і цяжкасці штодзённага жыцця за душы ў чысцы.
Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз Славамір Самковіч выказаў словы ўдзячнасці святарам і чальцам Апостальства за ўдзел у спатканні і супольную малітву. Каардынатар груп заахвоціў вернікаў прыняць удзел у Агульнабеларускім спатканні, якое адбудзецца 7 лістапада гэтага года ў Будславе.

Наступная дэяцэзіяльная сустрэча пройдзе ў кастрычніку 2027 года ў Паставах.


Жанна Закрэўская

24.10.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by