Чалавечнасць — індыкатар нашага жыцця
23 красавіка ў нашай парафіі прайшла чарговая сустрэча членаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым з душпастырам руху ксяндзом Славамірам Самковічам. Перад святам Божай Міласэрнасці ўдзельнікі сустрэчы разважалі над праблемай чалавечнасці.
Распачалася сустрэча святой Імшой а 10-ай гадзіне. Падчас канферэнцыі, якая прайшла ў духу малітоўнай групы, ксёндз Славамір Самковіч заахвоціў прысутных правесці рэфлексію над тэмай "Чалавечнасць". Святар засяродзіў увагу на евангельскай прыпавесці пра добрага самараніна (Лк 10, 25-37), адзначыўшы, што менавіта гэта прыпавесць найбольш дакладна характарызуе паняцце "чалавечнасць". "Чалавечнасць гэта нашы ўчынкі міласэрнасці да бліжняга незалежна ад статусу... Для ўзрастання чалавека, яго рэлігійнага жыцця важна не знешняе праяўленне, а наш унутраны свет. Наша перажыванне: для чаго я гэта раблю... Аб нашай чалавечнасці сведчыць тое, на колькі шчыра, па-сапраўднаму мы адносімся да іншых, асабліва адкінутых. Не трэба нічога рабіць напаказ." Падводзячы вынікі канферэнцыі, ксёндз Славамір прапанаваў прысутным задумацца: чаму я тут, у гэтай малітоўнай групе, і колькі ў ва мне чалавечнасці?
Сустрэча прадоўжылася ў нефармальнай абстаноўцы. За кубкам гарбаты, у духу малітоўнай групы, удзельнікі Апостальства абмеркавалі хвалюючыя пытанні, падзяліліся досведам веры.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by