Напачатку святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік прывітаў усіх прысутных, а затым звярнуўся да ксяндза Славаміра Самковіча з просьбай узначаліць Эўхарыстыю. Гамілію прамовіў ксёндз Вячаслаў Адамовіч.
Сваё казанне святар распачаў з біяграфіі св.Язафата Кунцэвіча, спыніўшыся на асноўных момантах жыцця біскупа і мучаніка. Далей ксёндз Вячаслаў адзначыў: "Касцёл навучае, што святыя з'яўляюцца для нас прыкладам. Якім прыкладам можа быць для нас святы Язафат сёння, мучанік, прапаведнік, а перад усім веруючы чалавек? Менавіта прыкладам інтузіяста веры. Ярка гарэць сваёй верай і сваёй любоўю да Пана Бога, нягледзячы не на што старанна і аданна яму служыць. Бог ад нас не патрабуе, каб мы панеслі мучаніцкую смерць, хоць хрысціяне ва ўсім свеце церпяць і сёння праліваюць кроў. Але канкрэтна нас Пан Бог не вымагае да такога сведчання. Нам з вамі пашанцавала, ад нас патрабуюцца простыя рэчы — быць вернымі Богу ў малым. Выконваць тое, што нам належыць — дзесяць Божых прыказанняў, а таксама рэгулярна спавядацца, прымаць святую Камунію, імкнуцца жыць у стане асвятальнай ласкі і дзень святы святкаваць. У гэтых малых рэчах ёсць наша з вамі святасць."