WYSIWYG Web Builder
Навошта чытаць Святое Пісанне?
У ІІІ звычайную нядзелю (у гэтым годзе яна прыпадае на 25 студзеня) у Каталіцкім Касцёле адзначацца Нядзеля Божага Слова, якую ўстанавіў Папа Францішак. Святы Айцец Леў XIV у сваёй малітоўнай інтэнцыі на студзень заахвочвае навучыцца маліцца Божым словам.
“Навучы нас кожнага дня слухаць Цябе ў Святым Пісанні, дазваляць Твайму голасу ўзрушваць нас, распазнаваць нашы рашэнні ў блізкасці да Твайго Сэрца. Няхай Тваё Слова будзе пажывай у час стомленасці, надзеяй у цемры і сілай у нашых супольнасцях”, — кажа Папа ў відэароліку, які прысвечаны тэме інтэнцыі.

Чаму ж так шмат увагі ў Касцёле ўдзяляецца Святому Пісанню, а Пантыфікі заклікаюць нас малітвы Божым словам? Паспрабуем пашукаць адказ у выказваннях айцоў касцёла і святых.

Папа Бенедыкт XVІ у 2006 годзе казаў: "Святое Пісанне не з'яўляецца чымсьці, што належыць мінуламу. Бог прамаўляе цяпер, Ён адорвае нас святлом, Ён паказвае нам шлях у жыцці. Ён адорвае нас лучнасцю з Ім і так падрыхтоўвае нас да жыцця ў міры, адкрывае нас на супакой".

"Чытаць Святое Пісанне
значыць звяртацца за парадай да Хрыста" — казаў святы Францішак Асізскі, 800-годдзе з дня смерці якога сёлета ўзгадвае Каталіцкі Касцёл.

Пра важнасць і неабходнасць чытання Святога Пісання гаворыць і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК). Папануем звярнуцца да Кампендыя ККК (п.18-23), каб узгадаць асновы каталіцкага веравучэння, якія даюць адказы на шэраг пытанняў пра Святое Пісанне.

Чаму Святое Пісанне навучае праўдзе?

Таму што сам Бог з’яўляецца аўтарам Святога Пісання: па-гэтаму яно называецца натхнёным і беспамылкова навучае праўдам, неабходным для нашага збаўлення. Дух Святы сапраўды натхніў аўтараў-людзей, якія запісалі тое, чаму Ён захацеў нас навучыць. Тым не менш, хрысціянская вера — гэта не «рэлігія Кнігі», але рэлігія Божага слова, якое не з’яўляецца «словам напісаным і мёртвым, але Словам уцелаўлёным і жывым» (св. Бэрнард з Клерво).

Як чытаць Святое Пісанне?

Святое Пісанне трэба чытаць і тлумачыць з дапамогай Духа Святога і пад кіраўніцтвам Настаўніцкага Інстытута Касцёла згодна з трыма крытэрыямі: 1) звяртаць увагу на змест і адзінства ўсяго Святога Пісання; 2) чытаць Святое Пісанне ў кантэксце жывой Традыцыі Касцёла; 3) захоўваць аналогію веры, гэта значыць сувязь праўдаў веры паміж сабой.

Што такое канон Святога Пісання?

Канон Святога Пісання — гэта поўны спіс святых кніг, якія Апостальская Традыцыя дапамагла распазнаць Касцёлу. Гэты канон змяшчае 46 кніг Старога Запавету і 27 кніг Новага Запавету.

Якое значэнне мае Стары Запавет для хрысціянаў?

Хрысціяне ўшаноўваюць Стары Запавет як праўдзівае Божае слова: усе яго кнігі натхнёныя Богам і з’яўляюцца вечнай каштоўнасцю. Яны сведчаць пра Божую педагогіку збаўчай любові Бога. Былі напісаныя перш за ўсё дзеля таго, каб падрыхтаваць прыйсце Хрыста, Збаўцы сусвету.

Якое значэнне мае Новы Запавет для хрысціянаў?

Новы Запавет, у цэнтры якога знаходзіцца Езус Хрыстус, вучыць нас бясспрэчнай праўдзе Божага Аб’яўлення. Сэрца ўсяго Святога Пісання — чатыры Евангеллі: паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна. Яны з’яўляюцца галоўным сведчаннем аб жыцці і вучэнні Езуса і займаюць асаблівае месца ў Касцёле.

Якая сувязь паміж Старым і Новым Запаветам?

Святое Пісанне — адно, бо адно Божае слова, адзін план Божага збаўлення і адно Божае натхненне ў абодвух Запаветах. Стары Запавет падрыхтоўвае Новы, а Новы здзяйсняе Стары: абодва адзін аднаго тлумачаць.

Якую функцыю выконвае Святое Пісанне ў жыцці Касцёла?

Святое Пісанне з’яўляецца асновай і жыццядайнай моцай Касцёла. Для яго дзяцей яно з’яўляецца цвярдыняй веры і крыніцай духоўнага жыцця. Гэта душа тэалогіі і пастырскага навучання. Псальміст кажа: «Слова Тваё — светач для маёй нагі, святло на маёй сцежцы» (Пс 119 [118], 105). Касцёл заахвочвае да частага чытання Святога Пісання, бо «няведанне Пісання — гэта няведанне Хрыста» (св. Геранім).


Жанна Закрэўская
24.01.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by