Свята Трох Каралёў: гісторыя і традыцыі
6 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, якая была вядома на Усходзе ўжо ў ІІІ ст. Прыкладна праз стагоддзе яна з’явілася на Захадзе, дзе стала называцца таксама святам Трох Каралёў. У літургіі гэта ўрачыстасць непарыўна звязана з Божым Нараджэннем.
У Евангеллі святога Мацвея гаворыцца пра мудрацоў, якія, ідучы за зоркаю, прыбылі ў Ерузалем і Бэтлеем, каб адшукаць нованароджанага караля юдэйскага. «Увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму. І адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру» (пар. Мц 2, 12).

Аб’яўленне, якое па-грэцку называецца Эпіфанія, азначае з’яўленне боскасці ў чалавечай постаці. Пакланенне мудрацоў, якіх да Езуса прывяла зорка, указвае на тое, што ўвесь сусвет (зорка як сімвал космасу) быў усхваляваны нараджэннем Хрыста. Да Яго прыбылі язычнікі (мудрацы), каб аддаць пашану Богу. Гэта падзея ўказвае на магчымасць пазнання Бога, дзякуючы сумленнаму пошуку праўды пра свет і чалавека.

Мудрацы прынеслі Езусу дары: золата — сімвал каралеўскай годнасці, кадзіла — сімвал святарскай годнасці, мірру — сімвал спаўнення прароцтваў пра Месію, а таксама прадказанне смерці Збаўцы. Адначасова гэта было праявай веры ў Хрыста праўдзівага чалавека (мірра), праўдзівага Бога (кадзіла) і Валадара (золата).

Не так шмат ёсць дакументаў-першакрыніц пра асобы Трох Каралёў, але існуе шмат легендаў. Народная пабожнасць з прычыны колькасці дароў вызначыла, што было іх тры. Аднак толькі ў VI ст. аб іх пачалі гаварыць як пра каралёў, а праз 300 гадоў ім былі дадзены імёны Каспар, Мельхіёр і Бальтазар.

У мастацтве Каспар найчасцей прадстаўлены як афрыканец, які прыносіць у дар Езусу мірру, Мельхіёр — еўрапеец, які ахвяруе золата, і Бальтазар — азіяцкі кароль, які прыносіць да ясляў кадзіла.

Паводле легенды рэліквіі Трох Каралёў былі знойдзены св. Аленай і спачатку захоўваліся ў Канстанцінопалі, а пазней — у Мілане.

З ХІІ стагоддзя традыцыя Трох Каралёў звязваецца з Кёльнам. У 1164 г. кёльнскі арцыбіскуп Райнальд фон Дасэль перавёз з Мілана мошчы трох мудрацоў у Кёльн, дзе яны знаходзяцца і сёння.

Тры Каралі лічацца апекунамі вандроўнікаў, пілігрымаў, гандляроў, уладальнікаў гасцініц, кушнераў.
Паводле матэрыялаў Catholic.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by