Вялікі пост — спрыяльны час для пакаяння
5 сакавіка пачынаецца 40-дзённы Вялікі пост, які з’яўляецца перыядам падрыхтоўкі да самай галоўнай урачыстасці года — Змёртвыхпаўстання Пана. Лацінская назва гэтага літургічнага перыяду гучыць як Quadragesima, што даслоўна азначае “Святая чатырохдзясятніца”.

Пост, такім чынам, працягваецца чатыры дэкады. Саракадзённы перыяд аўтарызаваны самой гісторыяй збаўлення. Так, напрыклад, Майсей прабываў на размове з Богам 40 дзён. Столькі ж часу прарок Ілля ішоў да Божай гары Гарэб. На 40 гадоў расцягнуўся пераход сыноў Ізраэля з егіпецкай няволі да абяцанай зямлі. Урэшце, Сын Божы Езус Хрыстус перад пачаткам публічнай дзейнасці правёў 40 дзён у пустыні ў малітве. Таму і Касцёл прысвячае Посту як часу асаблівага духоўнага аднаўлення адрэзак у 40 дзён.

 

Што самае галоўнае ў Вялікім Посце? Касцёл адказвае: пост, міласціна і малітва, якія павінны дапамагчы нам паглыбіць любоў да Бога і бліжняга, аднавіць веру, надзею і любоў. Хоць у нашы дні ад вернікаў не патрабуецца радыкальнай аскезы ў галіне харчавання, варта усё ж пераглядзець свой рацыён, каб ён быў больш сціплым, чым звычайна. Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Абавязак устрымання ад мяса не датычыць спажывання яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў (пар. Апостальская Канстытуцыя Paenitemini, III. — § 1).

 

У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары (пар. Paenitemini, III. — § 2). Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця.

 

Але найважней адмовіцца ад удзелу ў забаўляльных мерапрыемствах. Умеркаванасць у падыходзе да ежы, піцця і забаваў дапамагае чалавеку здабыць унутраную гармонію і спакой. Пост адкрывае нас таксама на іншых людзей, якім патрэбна дапамога. З грахамі, якія змывае вада святога хросту або слёзы пакаяння падчас споведзі, дапамагае змагацца міласціна. Святое Пісанне выразна кажа: “Адкупі свае грахі справядлівасцю, а сваё беззаконне міласэрнасцю да ўбогіх” (Дан 4, 24) і яшчэ “Вада гасіць палаючы агонь, а міласціна закрывае грахі” (Сір 3, 30). У гэтым годзе падчас Вялікага посту Карытас Віцебскай дыяцэзіі прапануе далучыцца да акцыі "Дар сэрца".

 

Вядома, што ўсебаковая праца над сабою і належная падрыхтоўка да пасхальных святаў немагчымы без малітвы. “Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным свам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4). Маліцца і ўзносіць свае думкі да Бога можа нават чалавек, прыкаваны хваробай да ложка. Касцёл дае вернікам магчымасць удзелу ў разнастайных формах малітвы – традыцыйныя набажэнствы Крыжовай дарогі, Песні жальбы, адарацыі, рэкалекцыі і г.д.

 

У нашай святыні набажэнствы Крыжовай дарогі будуць праводзіцца тры разы на тыдзень:

 

- пятніца а 18-ай гадзіне;

- субота а 15-ай гадзіне (для міністрантаў, дзяцей і моладзі);

- нядзеля ў 9.30 (для дзяцей).

 

На Песні жальбы запрашаем у нядзелю ў 7.30 - на польскай мове, у 11.30 - на беларускай мове. 

 

Неабходна больш уважліва аднесціся і да сваёй індывідуальнай малітвы: магчыма яна стала механічнай. Нядаўна я пачула карысную параду, як пазбегнуць няўважлівасці пры малітве. Адзін святар парэкамендаваў кожны раз выкарыстоўваць новыя незнаёмыя ці мала знаёмыя малітвы. Мы заўсёды будзем чытаць іх больш уважліва, бо не ведаем тэксту. Можна таксама маліцца псальмамі, часцей чытаць і разважаць над Словам Божым.

 

Разам пост, малітва і міласціна ў жыцці чалавека — гэта яго «дэкларацыя незалежнасці» ад свету і паўстанне супраць заганных звычак, задавальненняў, ляноты, якія сталі паміж ім і Богам. Яны парушаюць нашу мітуслівую заклапочанасць асабістым дабрабытам і ўзнаўляюць належныя адносіны з Богам, людзьмі, самім сабою і ўсім светам.

 

Перыяд Вялікага Посту – гэта не толькі цяжкая праца над сабою, але і час, калі Бог шчодра дае нам сваю ласку. Вялікі пост — спрыяльны час для пакаяння. Касцёл заахвочвае зрабіць на перыяд посту канкрэтную пастанову, каб здолець паглядзець на два асноўныя вымярэнні — адносіны з Богам і бліжнім, а таксама на адносіны ў дачыненні да парафіі, месца працы ці вучобы, каб у гэтым асяроддзі жыць Хрыстовым Евангеллем, адмаўляючыся ад руціны і знешняй фармальнасці.

 

Якія пастановы трэба рабіць на Вялікі пост? Мы не знойдзем універсальнага адказу на гэтае пытанне. Кожны павінен вырашыць сам, над чым яму неабходна працаваць, каб годна падрыхтавацца да Змёртвыхпаўстання Пана. Прымірыцца з роднымі, суседзямі ці калегамі па працы, аказаць матэрыяльную ці фізічную дапамогу тым, хто гэтага патрабуе, павысіць свой духоўны ўзровень праз чытанне Божага Слова і рэлігійнай літаратуры і г.д. Спіс можна працягваць бясконца. Галоўнае, каб пастанова была важнай для нашага асабістага ўзрастання і мела канкрэтную інтэнцыю, дзеля чаго ці дзеля каго я гэта раблю.

 

Прыслухайцеся да чытанняў у Папяльцовую сераду — усе яны заклікаюць да пакаяння і разумення яго сапраўднага хрысціянскага сэнсу. Спыніцеся і паслухайце словы Пана: «Звярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам у посце, у плачы і галашэнні. Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне, і навярніцеся да Пана Бога вашага, бо Ён ласкавы і міласэрны, доўгацярплівы і шматміласцівы, неахвочы да пакарання» (Ёэл 2, 12–13).

 

Жанна Закрўская паводле сайтаў Kasciolhomiel.by і Аve-maria

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by