WYSIWYG Web Builder
Нашу святыню ўпрыгожыў вітраж святога Яна Хрысціцеля
11 красавіка ў нашай святыні завершаны работы па ўсталяванні чарговага вітража, які прысвечаны Яну Хрысціцелю. Сімвалічна, што вітраж, на якім Прадвеснік Ян абвяшчае вялікую праўду веры: Еcce Аgnus Dei — Вось Ягнё Божае (Ян 1, 29), з'явіўся напярэдадні свята Уваскрасення Пана.
Вітраж святога Яна Хрысціцеля — гэта трэці вітраж у нашай святыні, аўтарам якога з'яўляецца вядомы беларускі мастак Уладзімір Кандрусевіч. Першы вітраж майстра, які прысвечаны Унебаўзяццю Найсвяцейшай Панны Марыі, з'явіўся ў нашым касцёле ў 2015 годзе, а летам 2024 года ўстаноўлены вітраж святога Юзафа.

Выраб вітража крапатлівы працэс, які патрабуе цеснага ўзаемадзеяння аўтара і выканаўцы праекта. Майстрам праекта, як і ў мінулым годзе, з'яўляецца мастак Максім Свістуноў. Вітраж выраблены з выкарыстаннем тэхналогіі Тыфані, аб якой патрабязна наш сайт пісаў раней.

Мастак Уладзімір Кандрусевіч першапачаткова стварыў эскіз, які быў узгоднены з пробашчам парафіі ксяндзом Андрэем Куліком. Вядома, што мастацкае вырашэнне тэмы, колеравая палітра належыць аўтару, а ўзгадненню, у большай ступені, датычыў тэалагічны бок. Далей у работу ўключыўся мастак Максім Свістуноў, які спачатку па шаблонах эскіза наразаў элементы з каляровага шкла.
Затым кожны з іх шліфаваў на станку і абрамляў меднай фольгай. Падрыхтаваныя такім чынам паасобныя элементы спайваліся разам з дапамогай волава і пакрываліся пацінай.
Каб дакладна перадаць змест вітража, выкарыстоўвалася не толькі рознакаляровае шкло, але і маляванне па шкле. Дзякуючы чаму вітраж стаў больш рэалістычным і даў магчымасць Уладзіміру Кандрусевічу глыбей раскрыць тэму і ідэю задумы.
Калі ў майстэрні была завершана праца па вырабе буйных элементаў-блокаў, работы працягнуліся ў касцёле. Збор вітража таксама патрабуе часу, бо трэба канчаткова падагнаць блокі пад памер шыбін акна, а таксама надзейна іх замацаваць. У гэтай справе вялікае значэнне мае дакладнасць папярэдне зробленых вымярэнняў.
Нарэшце праца завершана і новы вітраж радуе вока.

Дзякуючы ініцыятыве пробашча парафіі ксяндза Андрэя Куліка і матэрыяльнай патрымцы парафіянаў наша святыня паступова набывае новы выгляд, удала спалучаючы неагатычны стыль і сучаснае мастацтва.

Выраб вітражоў працягваецца. Ахвотныя маюць магчымасць зрабіць свой унёсак у далейшую рэалізацыю праекта.

Жанна Закрэўская, тэкст
Максім Свістуноў, фота
12.04.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by