WYSIWYG Web Builder
Дзейнасць і далікатная прысутнасць
З нагоды ўрачыстасці святога Юзафа прапануем даведацца больш пра ролю святога і яго прыклад для сучаснікаў. Евангелісты не перадалі нам ніводнага слова, сказанага св. Юзафам. Таму паўстае пытанне: чым было выклікана яго маўчанне?
Правільнае выкарыстанне дару мовы

Для чалавека, які мае веру, маўчанне св. Юзафа вельмі яскравае. Абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі добра ведаў, што шматмоўнасць адносна Бога непатрэбная. Ведаў, што адно слова, сказанае ў праўдзе, значыць больш, чым доўгія размовы і малітвы. Богу дасканала вядома, што нам патрэбна.

Маўчанне св. Юзафа сведчыць аб тым, што ён захоўваў разважлівую ўстрыманасць у размовах. Ведаў час і вагу маўлення і маўчання. Гэтая яго пастава павінна схіліць нас, сучаснікаў, да адказнасці перад Богам і ўласным сумленнем за выкарыстанне дару мовы.

Засяроджаная малітва

Св. Юзаф карыстаўся маўчаннем на малітве. Сёння ён становіцца ўзорам малітвы асабліва для мужчын і бацькаў, а таксама для ўсёй сям’і – яна ўмацоўвае сувязі і ўказвае шлях да паяднання з самымі блізкімі. Немагчыма ўкленчваць, размаўляючы з Богам, калі ў сэрцы злосць, нянавісць да бліжняга.

У жыцці св. Юзафа важным было і тое, што з малітвай ён спалучаў пошук і спаўненне волі Бога. Так было, калі даведаўся пра стан Марыі. Гарачая малітва стала прычынай таго, што Божы Пасланнік у сне аб’явіў яму волю Бога і Божае дзеянне адносна яго Жонкі. Падобнае было, калі Святая Сям’я мусіла ўцякаць у Егіпет, каб там даць прытулак Божаму Дзіцяці.

У сітуацыях сужэнскіх крызісаў малітва павінна стаць пошукам крыніцы, прычыны існуючых праблем. Гэта маўклівая просьба аб дапамозе, каб захаваць сям’ю.

Прыклад для мужчын

Св. Юзаф дзейнічаў у маўчанні. Ён дзейнічаў праз паслухмянасць і канкрэтныя ўчынкі. Як справядлівы муж і апякун Святой Сям’і засяроджваўся на слуханні Бога і спаўненні Яго волі, становячыся вобразам даверу Провіду, працавітасці і актыўнага сузірання ў штодзённым жыцці.

Кожны мужчына сёння пакліканы сваім жыццём паказваць хрысціянскія каштоўнасці: быць паслядоўным у выхаванні дзяцей, зло называць злом, а дабро – дабром, вучыць павазе да старэйшых і ўвогуле да іншага чалавека. Муж павінен адыгрываць важную ролю адносна жонкі, аказваючы ёй падтрымку ў цяжкія моманты, у чаканні нараджэння патомства, бацька – адорваць блізкіх мудрай любоўю, сваім часам і зацікаўленасцю. Быць добрым татам – значыць штодзень жыць вучэннем Езуса Хрыста і маліцца аб мудрасці ў паводзінах. Такім адносінам сучасныя мужчыны павінны вучыцца ад св. Юзафа.

У сёлетнім Пасланні на Вялікі пост папа Леў XIV заахвочвае вернікаў да “ўстрымання ад слоў, якія б’юць і раняць нашых бліжніх”, і “адмаўлення ад вострых слоў, паспешных асуджэнняў, зламоўнасці пра тых, хто адсутнічае і не можа абараняцца, а таксама пазбягання паклёпаў”.

Дзякуем за асобу св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Няхай ён вучыць нас павазе да дару мовы. Няхай будзе прыкладам плённай малітвы, якая вядзе да распазнання і спаўнення волі Бога ў нашым жыцці, а таксама прыкладам для сучасных мужчын.

19.03.2026

G
odnensis.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by